Адчыняйце хутчэй, паштальён ля дзвярэй!

Актуалии Общество

Адчыняйце хутчэй, паштальён ля дзвярэй!

Многія вяскоўцы з нецярпеннем чакаюць свайго паштальёна і раз-пораз паглядаюць праз акно на вуліцу. Адным паштальён прынясе свежы нумар газеты, другім – часопісы, трэцім – пенсію.  У аграгарадку Слабада такім чаканым госцем у кожнай хаце з’яўляецца Ганна Мікалаеўна Калеснікава.

Вось ужо дзесяць гадоў жанчына працуе паштальёнам і кожны дзень выпраўляецца па вызначаным маршруце: Слабада, Дворышча і Чысці. І ў дождж, і ў завею, і ў летнюю спёку своечасова дабіраецца да адрасатаў. Каб наведаць падпісчыкаў усіх перыядычных выданняў, трэба абысці больш за паўтары сотні домаўладанняў. “Большая палова усіх падпісчыкаў на маім участку –  гэта чытачы раённай газеты, – расказала Ганна Калес-нікава. –  Вельмі даўно выпісваюць “Герой працы” Галіна Савіцкая, Кацярына Дунчакова, Тамара Сцяпанава са Слабады, Пётр Сініцын з Чысцяў і многія іншыя”.
Аднак трэба не толькі разносіць перыядычныя выданні і карэспандэнцыю. Сумка вясковага паштальёна цяжкая яшчэ і ад тавараў паўсядзённага попыту. На ўчастку Ганны Калеснікавай жыве нямала людзей шаноўнага ўзросту. Вось для іх паштальёнская сумка і з’яўляецца міні-магазінам. Сюды змяшчаюцца тушонка, макарона, алей, цукеркі, кава і г.д. Прадукты дастаўляюцца ў асноўным па заказе. Вось з такой ношай трэба прайсці аграгарадок Слабада, потым адправіцца ў суседнія невялічкія вёскі. Летам выручае веласіпед, а зараз, калі на дарогах слізка ці марозна, жанчына дабіраецца пешшу.
Пытаюся, чым Ганне Мікалаеўне падабаецца яе работа.
– Напэўна, перш за ўсё тым, што нясу людзям радасць у якасці прыемных навін, чаканых тавараў і пенсій, – кажа жанчына. – Ну, а яшчэ зносінамі. Шчырая размова для многіх – гэта таксама радасць, аддушына ў паўсядзённым жыцці. Хаця хаджу з дня ў дзень па адных і тых жа вуліцах, дварах, работа мне ў радасць. Вельмі прыемна адчуваць, што цябе чакаюць.
Добразычлівасць, абыходлівасць, уважлівасць – неабходныя якасці ў паштальёнскай справе. Яны ўсе ўласцівыя Ганне Калеснікавай. Як зазначыла начальнік раённага ўчастка паштовай сувязі Алеся Новікава, Ганна Мікалаеўна – адна з лепшых паштальёнак раёна, якая ў мінулым годзе была ўзнагароджана Ганаровай граматай РУП “Белпошта”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №22 ад 19.02.2019 г.