Дзень работы з насельніцтвам: Мішневіцкі сельсавет

Актуалии Власть Общество

Вяскоўцы сустрэлі з веснавым настроем

Першы ў гэтым годзе дзень работы з насельніцтвам, калі прадстаўнікі ўлады і прадстаўнікі галоўных службаў на працягу некалькіх дзён выязджаюць і напрамую сустракаюцца з людзьмі ў самых маленькіх і аддаленых вёсках раёна, стартаваў на мінулым тыдні ў Мішневіцкім сельсавеце.
Дзень работы з насельніцтвам – форма работы, якая прыжылася ў раёне і ад якой ніхто адмаўляцца не збіраецца, пачала сход у аграгарадку Мішневічы ў клубе старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, якая ўзначальвала адну з груп. Гэта форма работы дае органам улады рэальнае прадстаўленне пра абстаноўку спраў на месцах па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння. Дзень работы з насельніцтвам уключае наведванне вёсак з вывучэннем праблем, правядзенне кіраўніцтвам раёна асабістых прыёмаў, дзень прафілактыкі з наведваннем вытворчых аб’ектаў, правядзенне адкрытага пашыранага пасяджэння грамадскага пункта аховы правапарадку, на якое запрашаюць праблемных асоб, і аб’езд кіраўніцтвам раёна і службамі вытворчых аб’ектаў з падвядзеннем вынікаў работы.
Невыпадкова ў складзе груп абавязкова прысутнічаюць супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, іншых службаў. Ніколі не бывае лішнім напомніць вяскоўцам пра асабістую бяспеку, бо, як паказвае жыццё, людзі менавіта з-за сваёй бяспечнасці і церпяць. Узяць, да прыкладу, крадзяжы – самы распаўсюджаны від вясковых злачынстваў. Пакінуць незачыненымі дзверы дома ці кватэры, без нагляду веласіпед – для многіх па-ранейшаму звыклая справа. І пасля прыходзіцца вучыцца на ўласных памылках, якія часта дорага каштуюць.
Тое ж тычыцца і пажарнай бяспекі. Кожны раз ратавальнікі просяць гаспадароў і патрабуюць трымаць у спраўнасці пячное ацяпленне, своечасова рамантаваць печкі, устанаўліваць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, выконваць элементарныя правілы пры спальванні смецця, пры карыстанні электрапрыборамі і інш., бо перакананы, што прафілактычнай работы залішняй не бывае. Так што задача груп – не толькі ў тым, каб даведацца пра праблемы вяскоўцаў, але і нагадаць, хто за што ў адказе і хто што абавязаны выконваць.
Што тычыцца сходу ў Мішневічах, тут з актуальнымі пытаннямі перад вяскоўцамі выступілі супрацоўнік РАУС С. Кузняцоў, першы намеснік начальніка РАНС П. Чаплінскі, інспектар ТЦСАН Я. Сянькова, галоўны спецыяліст аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Л. Гырдымава, спецыяліст Бешанковіцкага райспажыўтаварыства Т. Лакціёнава, старшыня сельвыканкама Г. Зязюлька. І. М. Новікава падрабязна спынілася на рэалізацыі ў раёне Дэкрэта №3.
Пасля сходу члены групы адправіліся наведваць пэўныя катэгорыі грамадзян, якія патрабуюць больш пільнай увагі да сябе, у першую чаргу гэта тычыцца мнагадзетных сем’яў, абавязаных асоб, інвалідаў. Прыемна адзначыць, што праблемных пытанняў не ўзнікла. Наадварот, прыйшлося  даваць жыццёвыя парады, ініцыяваць прадастаўленне дапамогі, як, напрыклад, сям’і Бацілавых, дзе малады бацька выхоўвае траіх дзяцей.
Якія пытанні ўзнялі падчас сустрэч жыхары Мішневіцкага сельсавета? На першым месцы – дарогі. І здаецца, што гэта пытанне з надыходам вясны актуальнае для многіх населеных пунктаў раёна. Тым не менш, падсыпка, грэйдзіраванне, рамонт пільна патрабуюцца ў Сураўнях і Жданоўцы. Жыхары Мішневіч, Заобалі, Казьян і Гульбішча не задаволены тым, што работнікі раёна электрычных сетак пасля абрэзкі сучча пад лініямі электраперадач не прыбіраюць яго пасля сябе.
Вельмі актуальнае для вясны пытанне задалі жыхары Валатовак: “Дзе купіць пасяўную пшаніцу?”. Члены групы не змаглі адказаць на яго, таму перадалі ў райвыканкам для вывучэння і вырашэння.
Заключэнне дагавораў з дачнікамі на вываз смецця трэба актывізаваць у Казьянах. Не замоўчвалі вяскоўцы і галоўны боль – зарастае кустоўем дарога Сураўні-Роўнае. Хто і калі дапаможа? А наогул, большасць вяскоўцаў сустракала гасцей з веснавым настроем, з жаданнем хутчэй навесці парадак вакол сядзіб, са шматлікімі планамі і чаканнямі.
Многія пытанні, узнятыя насель-ніцтвам, былі растлумачаны падчас сустрэч, на вырашэнне іншых вызначаны тэрміны і адказныя службы.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №22 ад 19.02.2019 г.