Шумилино торжественно отметило День Победы

Актуалии

Вясну Перамогі вітаюць сады,
узарваўшы прастор белай квеценню

І яшчэ адзін мірны май. І яшчэ адно гучнае сонечнае светлае свята. 73 гады прайшло, але мы ніколі не стомімся святкаваць Перамогу, не перастанем радавацца міру так, як рабіў гэта салдат 45-га.
Мы будзем плакаць над брацкімі магіламі, будзем несці да іх вянкі і кветкі, але ж і будзем радавацца, будзем спяваць і танцаваць у імя падоранага нам міру.
Зямля салютуе вялікаму святу белымі і ружовымі аблокамі садоў, пунсовымі цюльпанамі, жоўтымі нарцысамі,  фіялетавым бэзам. Гэты рознакаляровы кветкавы салют упрыгожыў святочныя мерапрыемствы, якія праходзілі ў Шуміліне ў Дзень Перамогі.

Урачыстасці  пачаліся шэсцем “Слава героям Шумілінскага краю”, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, актывісты грамадскіх арганізацый, моладзь, жыхары раёна. Прайсці па вуліцах райцэнтра з партрэтамі сваіх сваякоў, узгадаць іх баявы шлях,  перадаць эстафету памяці наступнаму пакаленню становіцца добрай традыцыяй. Тым больш, што ветэранаў, жывых сведкаў той вайны, застаецца ўсё менш і менш.

Шэсце завяршылася на брацкіх могілках, дзе прайшоў мітынг.
“Пасыл да міру непадуладны часу. Ён  жыве ў кожным чалавеку і генетычна перадаецца з пакалення ў пакаленне. І сёння мы ў адказе за тое, каб гэты запавет ніхто не парушыў”, – сказаў кіраўнік раёна Аляксандр Снараў, выступаючы на мітынгу.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінуўшых ў гады вайны хвілінай маўчання, усклалі кветкі да брацкіх магіл, дзе знайшлі свой апошні прытулак 178 воінаў 6-й і 43-й армій, што вызвалялі наш раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Святкаванні прадоўжыліся канцэртам у гарадскім парку. Гледачы шчырымі апладысментамі віталі выканаўцаў, падхоплівалі і спявалі разам з шумілінскімі артыстамі папулярныя песні.

Шмат чаго было прадугледжана для жадаючых актыўна адпачыць. Дзеці спрабавалі прайсці выпрабаванні, падрыхтаваныя раённым цэнтрам дзяцей і моладзі, а дарослыя тым часам спаборнічалі ў спартыўнай праграме фізкультурна-аздараўленчага цэнтра.

На стадыёне разгарнуліся спаборніцтвы па  пляжным валейболе і футболе. Бібліятэка прапанавала паспяваць песні ваенных часоў.

Шматлікія выставы наладзіў гісторыка-краязнаўчы музей, а моладзі прапанаваў прайсці квіз (сваеасаблівую віктарыну ў залах музея). Свае сувеніры прэзентаваў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Самымі актыўнымі ўдзельнікамі свята былі дзеці. Яны паспявалі ўсюды і шчыра радаваліся новай горцы, усталяванай днямі ў парку, атракцыёнам, паветраным шарам і гандлёвым радам, дзе прадавалі розныя прысмакі.

Завяршылася святочная праграма традыцыйнай “Свечкай памяці”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *