Доска почёта Шумилинского района: Инна Бородавко

Актуалии Общество Экономика

Адказная, надзейная,сціплая

Іна Барадаўка ніколі не марыла быць бухгалтарам і шчыра прызнаецца, што ёй было ўсё роўна куды паступаць. Праўда, у выпускным класе калі-нікалі ў галаве з’яўлялася думка пайсці на настаўніка, бо ў сям’і ўжо былі двое педагогаў – маці і сястра. Аднак кропку паставіла мама, сказаўшы, што хопіць нам ужо настаўнікаў, ідзі лепш на бухгалтара. І дачка паслухала, падаўшы дакументы ў Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум.
Пасля вучобы дзяўчына тры гады адпрацавала ў калгасе імя Урыцкага (цяперашні “Сіроцінскі”), затым выйшла замуж за шумілінскага хлопца і пераехала ў райцэнтр, уладкаваўшыся ў Шумілінскае лясніцтва.
“Першым маім настаўнікам у калгасе імя Урыцкага была Ніна Уладзіміраўна Коцікава, – зазначае Іна Валянцінаўна. – У яе я вучылася ўсім азам бухгалтарскай справы, набіралася вопыту. Менавіта Ніна Уладзіміраўна па-клікала мяне да сябе ў падначаленне ва УП ЖКГ, калі займала там пасаду галоўнага бухгалтара. Я згадзілася і вельмі ўдзячна свайму настаўніку за ўрокі”. А настаўнік убачыў у вучню ўсе тыя неабходныя якасці, якімі павінен валодаць сапраўдны бухгалтар: патрабавальнасць да сябе, адказнасць за свой участак работы, жаданне вучыцца. А яшчэ – надзейнасць і сціпласць. Таму і паклікаў у сваю каманду.
І вось ужо пятнаццаць год І. Барадаўка працуе бухгалтарам у камунальнай гаспадарцы. За гэты час, зразумела, даводзілася працаваць на розных участках. І цяпер яна дакладна разумее, што з гадамі праца бухгалтара становіцца ўсё больш складанай, і разам з тым, больш адказнай. Тут хіба камп’ютары са шматлікімі спецыяльнымі праграмамі ў дапамогу, аднак і іх авалодваць трэба як след, і вучыцца пастаянна. Прыйшоў вопыт, упэўненасць у сваіх ведах, кажа жанчына. І сёння яна сама ўжо не раз выступала ў ролі настаўніка ў сваіх маладых калег.
Пэўны час Іне Барадаўцы прыходзілася выконваць абавязкі галоўнага бухгалтара гэтага вялікага і складанага ў фінансавых разліках прадпрыемства. Ды яна і зараз на падхваце ў галоўнага, бо з’яўляецца яго правай рукой, намеснікам, адказвае за арганізацыю бухгалтарскага ўліку. І сама прызнаецца, што, паспрабаваўшы, як кажуць, “гэты хлеб”, прыйшла да высновы: ёй усё ж больш падабаецца быць проста бухгалтарам, калі сам за сябе адказваеш.
У І. В. Барадаўка ёсць сын, які вучыцца зараз на другім курсе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Хлопец з дзяцінства марыў быць праграмістам. На праграміста і вучыцца. Мама ж толькі падтрымала яго ў выбары, нічога іншага не раіла, хаця сама ніколі не пашкадавала, што вывучылася на бухгалтара па парадзе сваёй мамы. Урэшце, не месца ўпрыгожвае чалавека…
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №24 ад 26.03.2019 г.