За год – больш за 400 экспертыз

Общество

За год – больш за 400 экспертыз
Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь пачаў сваю дзейнасць 1 ліпеня 2013 года. Камітэт быў створаны на базе Дзяржаўнай службы медыцынскіх судовых экспертыз, экспертных падраздзяленняў органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, Узброеных Сіл і экспертных падраздзяленняў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з мэтай забеспячэння незалежнасці экспертнай дзейнасці і павышэння яе эфектыўнасці. З пачатку ўтварэння Шумілінскага міжраённага аддзела ДКСЭ Рэспублікі Беларусь дзяржаўным судова-медыцынскім экспертам працуе Уладзімір Уладзіміравіч ІВАНОЎ, з якім мы размаўляем пра работу судовых экспертаў.
– Уладзімір Уладзіміравіч, чым займаюцца судовыя медыкі?
– Задачы, якія вырашаюць судовыя медыкі, вельмі разнастайныя. Акрамя даследаванняў трупаў, з якімі ў асноўным у людзей і асацыюецца наша дзейнасць, праводзім экспертызы па ўстанаўленні характару ступені цяжкасці цялесных пашкоджанняў грамадзян, якія атрымалі цялесныя пашкоджанні ў ДТЗ, на вытворчасці, у быце.
Зараз атрымалі вялікае распаўсюджванне генетычныя даследаванні, якія дазваляюць ўстанаўліваць па слядах біялагічнай характару (крыві, сліне) дачыненне той ці іншай асобы да здзяйснення злачынства. Дакладнасць вынікаў складае больш за 99,99 %.
Падкрэслю, што медыцынскія эксперты працуюць у цеснай звязцы з медыцынскімі крыміналістамі, экспертамі-хімікамі, экспертамі гісталогіі і інш.
Прымаем удзел у следчых дзеяннях (агляды месцаў здарэнняў пры падазрэнні на гвалтоўную смерць, следчыя эксперыменты з мэтай высвятлення магчымасці нанясення цялесных пашкоджанняў пры тых ці іншых абставінах).
– Колькі летась вы правялі экспертыз?
– У мінулым годзе была праведзена экспертыза 67 памерлых і 335 чалавек, якія атрымалі розныя траўмы, пашкоджанні і раненні. У Шумілінскім раёне экспертызы пераважна праводзім з людзьмі, якія атрымалі пашкоджаннні ў ДТЗ. Пры судова-медыцынскай экспертызе праводзіцца медыцынскае абследаванне чалавека для ўстанаўлення характару і цяжару цялесных пашкоджанняў. Вывучаюцца, напрыклад, сінякі і раны, атрыманыя ў ходзе бытавых канфліктаў. У ходзе падобнага даследавання аглядаецца не толькі асоба, якая з’явілася на экспертызу, але  вывучаюцца медыцынскія дакументы (гісторыі хваробы, індывідуальныя амбулаторныя карты, рэнтгенаўскія здымкі і г.д.), матэрыялы справы…
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №30 ад 16.04.2019 г.