Только на территории Сиротинского района более 70 человек удостоены звания Героя Советского Союза за форсирование Двины

Актуалии

“Пераправа, пераправа! Бераг левы, бераг правы…”
У ходзе аперацыі “Баграціён” перад войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту стаяла задача выйсці да Заходняй Дзвіны, пераправіцца на левы бераг ракі і злучыцца з войскамі 3-га Беларускага фронту, акружыўшы такім чынам вялікую групоўку нямецка-фашысцкіх войскаў у раёне Віцебска. Для перадавых часцей гэта была вельмі складаная задача, выкананне якой патрабавала неверагоднай мужнасці і адвагі. Пра гэта сведчыць той факт, што больш за 70 чалавек атрымалі вышэйшую ўзнагароду – званне Героя Савецкага Саюза, медаль “Залатая Зорка” і ордэн Леніна – за фарсіраванне Дзвіны (гэта толькі на тэрыторыі Сіроцінскага раёна).
Азімаў Розі Азімавіч
(1925 – 2006)
Нарадзіўся ў кішлаку Чукатэпа Сузакскага раёна Ошскай вобласці Кіргізскай ССР (цяпер Жалал-Абадская вобласць Кыргызстана) у сялянскай сям’і. Узбек.
У арміі з верасня 1943 г, на фронце з 3 чэрвеня 1944 г. Кулямётчык 1124 стралковага палка 334 стралковай дывізіі 43 арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту. У прадстаўленні да ўзнагароджвання камандзір палка падпалкоўнік Паршнёў піша: “Чырвонаармеец Азімаў пры прарыве лініі абароны праціўніка каля вёскі Казаногава Сіроцінскага раёна 23 чэрвеня 1944 г. першым уварваўся ў траншэю праціўніка і сваімі дзеяннямі выклікаў агульны ўздым у наступальным парыве байцоў.  Пры фарсіраванні ракі Заходняя Дзвіна 25 чэрвеня 1944 г. першым пераправіўся са сваім ручным кулямётам і адкрыў кулямётны агонь па ворагу, які засеў у вёсцы і не дазваляў пераправіцца цераз раку, тым самым даўшы магчымасць пяхоце фарсіраваць раку ў раёне вёскі Грынёва. Адным з першых сустрэўся з войскамі 3-га Беларускага фронту. 6 ліпеня 1944 года ў раёне мястэчка Відзе Віленскай вобласці першым кінуўся ў атаку і павёў за сабой байцоў”.    Званне Героя Савецкага
Саюза прысвоена 22 ліпеня 1944 года.
У адным з баёў  Розі Азімаў быў кантужаны варожым снарадам, пасля шпіталя ў канцы 1944 года вярнуўся ў родны калгас каля г. Джалал-Абад (цяпер Жалал-Абад). Член КПСС з 1945 г. У 1951 г. закончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП (б) Кіргізіі, у 1955 г. – Джалалабадскае педвучылішча. Да 1975 г. працаваў на гаспадарчай, партыйнай, культурна-асветніцкай рабоце. Памёр у 2006 годзе.
Аляксандраў Аляксей Васільевіч
(1923 – 1944)
Нарадзіўся ў вёсцы Дзянісава Горка Балагоўскага раёна Калінін-скай (цяпер Цвярской) вобласці Расіі ў сям’і чыгуначніка. Рускі. Закончыў сярэднюю чыгуначную школу №11 у г. Балагое. У 1941 годзе прызваны ў Чырвоную Армію. У студзені 1943 г. закончыў Уладзівастоцкае ваеннае пяхотнае вучылішча. У баях з 1943 года (Бранскі, 1-ы Прыбалтыйскі франты), паранены чатыры разы, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені. 24 чэрвеня 1944 года, у ходзе аперацыі “Баграціён”, узвод  гвардзейскага асобнага вучэбнага стралковага батальёна 67-й гвардзейскай стралковай дывізіі 6-й гвардзейскай арміі пад камандаваннем лейтэнанта А. Аляксандрава пад моцным агнём праціўніка ўплаў фарсіраваў Заходнюю Дзвіну ў раёне вёскі Узрэчча (Бешанковіцкі раён), замацаваўся на плацдарме і забяспечыў пераправу іншых падраздзяленняў, адбіўшы тры контратакі ворага. У баі лейтэнант Аляксандраў быў паранены ў галаву. Указам Прэзі-дыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 ліпеня 1944 года А. В. Аляксандраву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
26 жніўня 1944 г. Аляксей Аляксандраў памёр у шпіталі. Пахаваны ў вёсцы Целяшова (Невельскі раён, Пскоўская вобласць, Расія).
Падрыхтаваў Сяргей Ермалаеў.
Надрукавана ў №33 ад 26.04.2019 г.