А людзі – усё тыя ж, каго акрыляе нараджэнне свежага газетнага нумара, хто служыць Друкаванаму Слову

Новости Общество

“За газету перажываю…”
Дзень друку. Гэта свята разам з сённяшнімі служыцелямі друкаванага слова шануюць і нашы дарагія ветэраны. Пра многіх мы расказвалі на старонках нашай газеты, сёння настала чарга расказаць пра Валянціну Іванаўну Шнявіну.

На здымку (справа налева): Вольга Мацюшкова (галоўны бухгалтар), Валянціна Шнявіна, Любоў Трапезнікава (загадчык аддзела пісьмаў), Уладзімір Батакоў (намеснік рэдактара), Віктар Палісадзін (фотакор), Мікалай Мароз (загадчык сельгасаддзела, будучы пісьменнік), Пётр Ловікаў (вадзіцель) на нарадзе ў галоўнага рэдактара А. П. Бруцкага, 80-ыя гады.

На вуліцы стаяў 1967 год. Шумілінскі раён аднаўляўся. Аднаўляла сваю работу і раённая газета. Фарміраваўся рэдакцыйны калектыў, завозілася абсталяванне ў друкарню. Менавіта ў гэты час у рэдакцыю прыйшла працаваць Валянціна Шнявіна (тады – Озерава).
“Мяне рэкамендаваў выдатны знаўца беларускай мовы, мой школьны настаўнік, які сам шмат год адпрацаваў у газеце, Уладзімір Антонавіч Нарушэвіч”, – успамінае Валянціна Іванаўна.
Да друкарскай справы яе цягнула з дзяцінства. Яшчэ калі была школьніцай, яе шлях праходзіў міма друкарні, і ёй было вельмі цікава, што там робіцца, заглядвала ў вокны, а неяк асмелілася зайсці.
А тут сталая адказная работа карэктара. Яна ўзялася з радасцю і апантанасцю. Бывала, заставалася на рабоце да апоўначы, пакуль не быў звярстаны тыраж.
Рэдактарам у тым 1967 годзе стаў Эдуард Мікалаевіч Дамарацкі. Намеснікам рэдактара працаваў Аляксандр Яўгенавіч Бараноўскі, адказным сакратаром – Аляксей Пятровіч Мужаў.
Валянціна Іванаўна расказала, як Э. М. Дамарацкі сабраў сход калектыву, і яны ўсе разам прыдумвалі, якую назву будзе насіць раённая газета. Розныя былі прапановы, а спыніліся на “Герой працы”, справядліва лічачы, што чалавек працы заўсёды будзе галоўным героем на газетных старонках.
“Дружна працавалі, – кажа Валянціна Іванаўна. – Спачатку ўсе (і рэдакцыя, і друкарня) цясніліся ў палове цяперашняга рэдакцыйнага будынка, потым пачалі ладзіць прыбудову”.
Валянціна Іванаўна, як і большасць нашых работнікаў, асвоіла іншыя аперацыі і спецыяльнасці. Навучылася друкаваць на машынцы, працавала машыністкай. А быў час, калі па загаду рэдактара працавала інспектарам па рэкламе.
Яна ведае, якім быў тыраж раённай газеты ў 70-я, 80-я, учора і сёння: “Кожны месяц гляджу, ці ўтрымалі вы тыраж, засмучаюся, калі страцілі колькі экзэмпляраў. За газету перажываю…”
Яна цікавіцца навінкамі ў газетнай справе, а мне цікава, што ў 1967 годзе была тыгельная машына для друкавання бланкаў і плоскадрукавальная машына, потым – лінатып, потым – фотадрук, потым – камп’ютар… А людзі – усё тыя ж, каго акрыляе нараджэнне свежага газетнага нумара, хто служыць Друкаванаму Слову.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №35 ад 03.05.2019 г.