В Мишневичах открыли мемориальную доску в честь разведчиков 51 стрелковой Витебской дивизии

Актуалии Беларусь помніць

Мікалай Аляксеенка і Надзея Шубіна адкрываюць мемарыяльную дошку ў гонар разведчыкаў-шубінцаў.

Успамінаючы подзвіг і доблесць бацькоў

Напярэдадні Дня Перамогі ў аг. Мішневічы прайшло ўрачыстае адкрыццё абноўленай мемарыяльнай дошкі ў гонар воінаў-разведчыкаў 51-й стралковай Віцебскай дывізіі 1-га Прыбалтыйскага фронта. На свята сабраліся мясцовыя жыхары і вучні Мішневіцкай школы, прадстаўнікі ўлады, ваенкамата, грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў і арганізацый Шуміліншчыны.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава павіншавала ўсіх з Днём Перамогі, пажадала здароўя і дабрабыту. Ірына Мікалаеўна нагадала, што сярод загінуўшых у гады вайны – разведчыкі-шубінцы, якія вызвалялі наш раён. Іх камандзір Георгій Георгіевіч Шубін 44 разы пераходзіў лінію фронту, на ягоным рахунку дзясяткі ўзятых у палон салдат і афіцэраў, больш за сотню знішчаных гітлераўцаў. Менавіта Георгію Шубіну мноства разведчыкаў былі абавязаны сваім вопытам, а, значыць, сваімі жыццямі.
Пра гэтага мужнага і бясстрашнага разведчыка напісана кніга “Вяршыня Шубіна”, аўтар якой Уладзімір Аляксееў прыехаў з Расіі ў Мішневічы. Уладзімір Мікалаевіч расказаў пра разведчыкаў-шубінцаў, параіў вучням мясцовай школы звязацца з роднымі герояў-разведчыкаў. Ён нагадаў, што мемарыяльная дошка ў памяць пра воінаў-разведчыкаў была ўстаноўлена пяць гадоў таму. Тады на ёй значыліся прозвішчы 36 разведчыкаў. Дзякуючы карпатлівай пошукавай рабоце гэты спіс быў папоўнены: на новай дошцы імёны 44-х герояў.
Дачка Георгія Шубіна Надзея Георгіеўна расказала, што за час вайны сям’і двойчы прыходзілі лісты пра тое, што муж і бацька прапаў без вестак. Але ён вярнуўся з вайны, выжыў, каб расказаць пра мужнасць сваіх разведчыкаў. Надзея Георгіеўна падзякавала ўсім жыхарам раёна за памяць пра свайго бацьку і яго аднапалчан, нізка пакланілася ўсім прысутным.
На мітынгу выступіў Мікалай Панкрат, палачанін, вядомы калекцыянер і заснавальнік двух прыватных музеяў у Полацку. Яму, а таксама полацкім прадпрымальнікам Алегу Пржавальскаму і Івану Ларыну,  дзякавалі за спонсарскую дапамогу і выраб мемарыяльнай дошкі.
Ганаровае права адкрыць мемарыяльную дошку было дадзена Надзеі Шубінай, дырэктару Мішневіцкай школы Пятру Спірыдонаву і члену раённай арганізацыі “Беларускага саюза афіцэраў” Мікалаю Аляксеенку. Да мемарыяльнай дошкі, да брацкага воінскага пахавання,  памятных знакаў загінуўшым землякам і помніка танкістам 12-й танкавай брыгады 5-га танкавага корпуса 1-га Прыбалтыйскага фронта былі ўскладзены кветкі, вянкі і гірлянды.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №36 ад 11.05.2019 г.