Марыі Скорынавай апладзіраваў Брусель

Культура Молодёжь Новости

Марыі Скорынавай апладзіраваў Брусель

Марыю Скорынаву, таленавітую вучаніцу Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў, ведаюць не толькі ў Шуміліне, але і далёка за яе межамі.

Яшчэ нядаўна ёй апладзіравала Масква падчас III Маскоўскага міжнароднага конкурсу піяністаў Уладзіміра Крайнёва, дзе яна атрымала сертыфікат удзельніка з аўтографам Уладзіміра Співакова. І зноў апладысменты. Цяпер ужо ў Бруселі.
Міжнародны конкурс юных піяністаў прайшоў у бельгійскім Бруселі ў канцы красавіка. 97 музыкантаў з розных краін (ад 10 да 21 года), і сярод іх – наша Марыя Скорынава. Яна паспяхова прайшла ўсе тры туры і выйшла ў фінал.
Фінал запатрабаваў ад юнай піяністкі поўнай выкладкі, бо ёй трэба было выканаць праграму з пяці твораў: “Прэлюдыю і фуга” І. С. Баха, “Санату” Й. Гайдна, “Прэлюдыю соль мінор” С. Рахманінава, “Эцюд” А. Скрабіна і “Такаціна” М. Капусціна. І яна справілася.
Журы высока ацаніла талент Марыі Скорынавай, і няхай ёй не ўдалося атрымаць прызавое месца, Машу адзначылі як самую малодшую ўдзельніцу конкурсу ў групе В (11-14 год) і выбралі  “Такаціна” М. Капусціна ў яе выкананні на гала-канцэрт. Яна была на высокай сцэне сярод трынаццаці ўдзельнікаў гала-канцэрта – лаўрэатаў 1-3 ступені і двух уладальнікаў спецыяльных прызоў, адзін з якіх заслужыла Марыя.
Перамогі так проста не даюцца. За імі стаіць не толькі талент, але і шматгадзінная напружаная праца, упартасць і бясконцая любоў да музыкі. Кіраўніцтва Шумілінскай ДШМ вельмі задаволена поспехамі Марыі і ўдзячна бацькам юнай піяністкі і яе настаўніку Т. В. Гутаравай за падтрымку і веру ў талент.
Дарэчы, 16 мая ў 17.15 у канцэртнай зале школы мастацтваў адбудзецца справаздачны канцэрт, у якім прыме ўдзел і Маша Скорынава.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №37 ад 14.05.2019 г.