Больш за 80 дэлегацый з 22 краін сабраў VIII Міжнародны эканамічны форум «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы»

Актуалии Новости Экономика

Будучае – за інавацыямі
Больш за 80 дэлегацый з 22 краін сабраў VIII Міжнародны эканамічны форум «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы», які прайшоў на мінулым тыдні ў Віцебску. Такой рэкорднай колькасці ўдзельнікаў не было за ўсю гісторыю правядзення. Прадстаўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі, афіцыйныя дэлегацыі і бізнесмены пабрацімскіх рэгіёнаў прыехалі ацаніць патэнцыял эканамічнага і турыстычнага развіцця, знайсці партнёраў для дзелавога супрацоўніцтва.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў і першы намеснік старшыні ўрада Саратаўскай вобласці Расійскай Федэрацыі Вадзім Ойкін падпісваюць дарожную карту аб супрацоўніцтве рэгіёнаў. Намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях эканомікі

– Кожны рэгіён Віцебшчыны сёння дэманструе дасягненні і магчымасці ў развіцці гарадоў і раёнаў, прадстаўляе свой вытворчы і навуковы патэнцыял з улікам асаблівасцяў геаграфічнага месцазнаходжання, унікальнасці сыравіннай базы, наяўнасці спецыялістаў, — падкрэсліў падчас адкрыцця форуму старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. — Вобласць арыентавана на стварэнне прынцыпова новых вытворчасцяў, высокапрадукцыйных працоўных месцаў, мадэрнізацыю і тэхнічнае пераўзбраенне прадпрыемстваў.

Упершыню на форуме прэзентавалі свае праекты, тавары і паслугі такія замежныя рэгіёны, як Саратаўская, Тульская, Ліпецкая вобласці Расійскай Федэрацыі, а таксама Латвія і Кітай. Прадстаўнікі Індыі гатовы інвеставаць у экано-міку вобласці 10 мільёнаў долараў. Бізнесмены Індыі зацікаўлены ў стварэнні кластара з некалькіх прадпрыемстваў. Разглядаюцца прапановы, якія можна рэалізаваць на тэрыторыі СЭЗ “Віцебск”. Таксама ў супрацоўніцтве з вобласцю зацікаўлены прадстаўнікі Балівуда, на думку якіх унікальная прырода віцебскага краю надзвычай падыходзіць для здымак фільмаў.
Намер паглыбіць двухбаковыя адносіны Віцебскай вобласці і асобных рэгіёнаў Кітайскай Народнай Рэспублікі выказаў пасол у Беларусі Цуй Цымін. На форуме былі дэлегацыі з чатырох правінцый Паднябеснай, у складзе якіх былі не толькі прадстаўнікі ўлады, але і кіраўнікі буйнейшых карпарацый, бізнесмены, у якіх ёсць зацікаўленасць у стварэнні сумесных прадпрыемстваў з нашай вобласцю ў сферы вытворчасці металаканструкцый, прадуктаў харчавання, прытым як на тэрыторыі Віцебшчыны, гэтак і ў Кітаі.
Для бізнесменаў у рамках форуму працавала біржа дзелавых кантактаў для перагавораў з патэнцыяльнымі партнёрамі.
Святлана Цімашэнка ля стэнда Шумілінскага раёна.

Шумілінскі раён прэзентаваў на інвестыцыйным форуме магчымасці такіх прадпрыемстваў, як Обальскі керамічны завод, “Славянскі прадукт”, “Вежа”, “Альянспластрэсурс” і “Вітконпрадукт”.

— Мы адкрыты для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, — заўважыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка, — і спадзяемся, што ўдзел у эканамічным форуме адгукнецца для раёна каштоўнымі дзелавымі кантактамі.
У  прыватнасці, былі прэзентаваны інвестыцыйныя праекты ААТ “Обальскі керамічны завод” і СТАА “Вежа”. ОКЗ зацікаўлена ў вытворчасці новага віду прадукцыі. Прымяняючы інавацыйны метад спальвання паліва і дабаўлення дабаўкі, якая выгарае, у склад цэглы, можна істотна знізіць сабекошт выпускаемай прадукцыі. А гэта, у сваю чаргу, павысіць яе канкурэнтаздольнасць на рынку. “Вежа” плануе выпуск новага віду прадукцыі з выкарыстаннем фруктовага дыстыляту. Дзякуючы адсутнасці хімікатаў, істотна павышаюцца смакавыя якасці прадукту. Да прыкладу, ужо сёння 80 працэнтаў выпускаемага прадпрыемствам сідру ідзе на экспарт.
Таксама Святлана Цімашэнка адзначыла, што ўдзел у інвестфоруме надзвычай карысны ў сэнсе нараджэння ідэй. На будучае, да прыкладу, можна прэзентаваць магчымасці раёна ў галіне перапрацоўкі драўніны.
У рамках форуму былі падпісаны пяць пагадненняў аб супрацоўніцтве. Так, змацаваны подпісамі старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарснёва і першага намесніка старшыні ўрада Саратаўскай вобласці Расійскай Федэрацыі Вадзіма Ойкіна дарожная карта па рэалізацыі пагаднення паміж рэгіёнамі ў гандлёва-эканамічным, культурным і гуманітарным супрацоўніцтве. Таксама былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж горадам Чугуевам (Украіна) і Віцебскім раёнам, пратакол аб намерах па ўсталяванні сяброўскіх адносін паміж горадам Фучжоу КНР і Полацкім раёнам і іншыя.
На сцэне Летняга амфітэатра адбылося і традыцыйнае ўзнагароджанне таленавітых маладых вучоных і спецыялістаў, пераможцаў конкурсу WordSkills, а таксама шэрага арганізацый і прадпрыемстваў за высокія дасягненні ў развіцці розных галін эканомікі вобласці і рэалізацыі інавацыйных праектаў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №39 ад 21. 05. 2019 г.