Турыстычная карта Шуміліншчыны

Актуалии Новости Экология Экономика

Турыстычная карта Шуміліншчыны

Сельскі турызм – адзін з самых прывабных варыянтаў адпачынку ў Беларусі. Маляўнічыя пейзажы, спрыяльная экалогія і непаўторны вясковы каларыт прыцягваюць гасцей у аграсядзібы. Беларусь двойчы аказвалася на першым радку рэйтынгу лепшых краін для агратурызму па версіі часопіса “National Geographic” (Расія).
На Шуміліншчыне зарэгістравана 6 аграэкасядзіб. Як адзначыў галоўны спецыяліст райвыканкама Андрэй Мазанкоў, на сённяшні дзень чатыры з іх гатовы прымаць адпачываючых, яшчэ дзве – у Гародне і Шашах – адкрыюцца ў бліжэйшы час. На мінулым тыдні камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Шалахавай наведала чатыры аб’екты аграэкатурызму нашага раёна, каб праверыць іх гатоўнасці  да новага сезона. Падчас наведвання  цікавіліся ў гаспадароў планамі і праблемамі, з якімі яны сутыкаюцца.
“Ерашоўскі хутарок”

У ліку першых, хто пачаў развіваць агратурызм у нашым раёне, была Антаніна Шэдзько з вёскі Ерашова Мікалаеўскага сельсавета. Праўда, сваю цяперашнюю назву – “Ерашоўскі хутарок”, сядзіба атрымала менш чым год назад, раней яна была вядома як проста аграэкасядзіба ў Ерашове. Аграэкасядзіба першых адпачываючых прыняла ў 2008 годзе, у сярэднім за год тут адпачывае каля 20 чалавек.
Гаспадыня зрабіла стаўку найперш на дабрабыт і камфорт для адпачываючых. Аграэкасядзіба  “Ерашоўскі хутарок” – экалагічна чысты драўляны дом з мансардай і спадарожнікавым тэлебачаннем, лазняй, закрытай альтанкай, мангалам. Гасцявы домік, разлічаны на шэсць чалавек, стаіць на беразе Заходняй Дзвіны. Адпачынак ідэальна падыходзіць для сем’яў, якія жадаюць не толькі вырвацца з гарадской мітусяніны, але і пабыць у камфортных умовах на прыродзе.
“У Пятровіча”

Аграэкасядзіба “У Пятровіча”, што ў аграгарадку Башні, добра вядома адпачываючым з Шуміліна, Віцебска, Полацка і  Мінска, былі тут госці і з Казахстана. Домік, у якім можа размясціцца да 10 чалавек,  стаіць у 50 метрах ад возера. Ёсць лазня. Дагледжаная і аформленая тэрыторыя.  Апошнім часам гаспадар Васіль Зянькоў пачаў рабіць стаўку на актыўны адпачынак: ёсць пляцоўкі для гульні ў валейбол, тэніс і бадмінтон. “У Пятровіча” – месца, дзе адпачынак будзе максімальна зручным і камфортным.
“Васільевіч”
У аграгарадку Башні гатова сустракаць адпачываючых і другая аграэкасядзіба  – “Васільевіч”. Гаспадар Уладзімір Вашук прапануе адпачынак у камфартабельным доме. Адна з адметнасцяў – більярд. Можа прапанаваць гаспадар і маторную лодку.
“Чараўніцкае возера”
Аграэкасядзіба “Чараўніцкае возера” месціцца ў вёсцы Лескавічы. Гэта параўнальна новы аб’ект аграэкатурызму. На рынку турпаслуг гаспадар Іван Васільеў толькі трэці год. Актыўным прасоўваннем  сядзібы займаецца яго дачка Надзея Хахлова. За мінулы сезон тут адпачыла каля 100 чалавек. Ёсць попыт і сёлета. “Чараўніцкае возера” падыходзіць для карпаратыўнага адпачынку. Альтанка, лазня, побач возера.  У планах – набыць катамаран і гідрацыкл.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Кошт паслуг
на адпачынак у аграэкасядзібах вагаецца ад 15 да 25 рублёў з чалавека,
кошт лазні – да 50 рублёў на групу.
Многія гаспадары прапаноўваюць зніжкі.
Надрукавана ў №41 ад 28.05.2019 г.