Курсант Артём Сергеев проходит практику в Шумилинском РОВД

Молодёжь Общество

Душа ляжыць дапамагаць людзям
Арцём Сяргееў з Шуміліна – курсант Магілёўскага інстытута Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Зараз ён на выпускным чацвёртым курсе і праходзіць практыку ў РАУС.

Арцём Сяргееў і Руслан Бруеў.

Мы гутарым з будучым аператыўнікам пра вучобу, жыццё курсантаў, будучую прафесію і службу.  “Мая спецыяльнасць – аператыўна-вышуковая дзейнасць, – кажа Арцём. – Наколькі моцна мне падабаецца будучая прафесія, рэальна зразумеў, калі прыйшоў на практыку. Выконваючы абавязкі начальніка аддзялення крымінальнага вышуку Руслан Васільевіч Бруеў з’яўляецца зараз маім настаўнікам. Я спасцігаю практычную навуку: як затрымліваць злачынцу, яго апытваць, афармляць патрэбную дакументацыю. Разам з аператыўнікамі выязджаю на розныя здарэнні”.
На думку хлопца, спрабаваць стаць курсантамі інстытута МУС павінны толькі тыя, у каго абвостранае пачуццё доўгу, хто хоча дапамагаць людзям.   “Самае цяжкае пры паступленні – гэта прайсці медыцынскую камісію, – кажа А. Сяргееў. –  Немалаважная роля адводзіцца фізічнай падрыхтоўцы. Але гэта не самае галоўнае. Калі ты стаў курсантам, цябе фізічна “падцягнуць”. Пад’ём у шэсць гадзін раніцы і адразу прабежка па стадыёне. Затым фізпадрыхтоўка. Асабіста мне цікава асвойваць азы рукапашнага бою, падабаецца агнявая падрыхтоўка – прыёмы стральбы з пісталета і аўтамата. Што тычыцца тэарэтычных заняткаў, то самым важным лічу прадмет “аператыўна-вышуковая дзейнасць”, які непасрэдна спатрэбіцца пры рабоце. А яшчэ я захапляюся валейболам”.
У Магілёўскім інстытуце МУС для будучых абітурыентаў ёсць нямала льгот: абмундзіраванне, пражыванне і харчаванне бясплатнае. Да таго ж, вельмі добрая стыпендыя: зараз курсанты атрымліваюць па 330 рублёў у месяц, выдатнікі вучобы больш.
Арцём расказаў, што цяжка было прывыкаць да жыцця курсантаў толькі ў першыя месяцы. А цяпер “па лінейцы” заправіць пасцель, маршыраваць на пляцы і наводзіць марафет за лічаныя хвіліны здаецца драбязой. Курсанты вучацца жыццю ў калектыве, строгаму распарадку, уменню размеркаваць час – гэта важны вопыт для абранай прафесіі і для жыцця.
У будучым Арцём Сяргееў бачыць сябе на аператыўнай рабоце. Прычым, працаваць збіраецца прыехаць на радзіму. У раённым аддзеле ўнутраных спраў чакаюць кампетэнтнага маладога спецыяліста.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №42 ад 31.05.2019 г.