78 граждан Светлосельского сельсовета признаны не занятыми в экономике

Общество Президент Экономика

З выездам у сельсавет
Чарговае пасяджэнне раённай пастаянна дзеючай камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва прайшло ў Светласельскім сельсавеце.


Гэта не першае выязное пасяджэнне камісіі, яны праводзіліся ў Дабейскім, Обальскім сельсаветах. Такія пасяджэнні накіраваныя на тое, каб наблізіць дзейнасць камісіі да людзей, якія могуць на месцы атрымаць неабходную інфармацыю ці кансультацыю па пытаннях працаўладкавання. Таксама члены камісіі праводзяць прафілактычную работу з асобамі, якія не працуюць доўгі час і не праяўляюць жаданне працаўладкавацца.
Старшыня Светласельскага сельвыканкама Аляксандр Дзмітрэнка праінфармаваў камісію пра работу, якая была праведзена і праводзіцца з асобамі, уключанымі ў базу даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. Светласельскі сельсавет – адзін з буйнейшых у раёне, таму першапачаткова правяралася інфармацыя аб уключэнні ў базу больш за 200 жыхароў вёсак і аграгарадкоў, размешчаных у сельсавеце. Гэтыя грамадзяне былі праінфармаваныя пра ўключэнне ў базу, адначасова ім тлумачыліся магчымасці працаўладкавання, занятасці ці самазанятасці, нагадвалася, што незанятыя ў эканоміцы грамадзяне аплачваюць гарачую ваду, а з 1 кастрычніка 2019 года і ацяпленне па поўных тарыфах. У выніку 12 грамадзян прадставілі ў камісію дакументы аб сваёй рабоце, 6 – аб навучанні, 4 аказана дапамога ў афармленні самазанятасці, 69 грамадзян прадставілі дакументы аб наяўнасці зямельнага ўчастка і вырошчванні сельскагаспадарчай прадукцыі на ім.
Як вынік, зараз у базе засталося 140 грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета: у адносінах да 78 грамадзян прыняты рашэнні камісіі аб прызнанні іх занятымі ў эканоміцы, з 62 працягваецца работа па прыцягненні іх да занятасці.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Валекава паведаміла, што службай занятасці ў мінулым годзе дапамога ў працаўладкаванні аказана 260 грамадзянам, з іх 36 – са Светласельскага сельсавета (25 – уладкаваны на працу, 9 – накіраваны на аплачваемыя грамадскія работы, 2 – накіраваны на абучэнне), за чатыры месяцы бягучага года дапамога аказана 32 чалавекам, з іх 9 – жыхары сельсавета (3 – працаўладкаваны, 6 – накіраваны  на грамадскія работы). Грамадзяне пераважна занятыя на работах па добраўпарадкаванні.
Падсумоўваючы выступленні, кіраўнік камісіі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава адзначыла, што ў сельсавеце трэба актывізаваць работу з грамадзянамі, якія не занятыя ў эканоміцы, бо ў параўнанні з іншымі сельсаветамі, у Светласельскім застаецца значная колькасць грамадзян, якія не ахоплены занятасцю, хаця магчымы самыя розныя варыянты карыснай дзейнасці, якімі могуць займацца жыхары сельсавета.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №42 ад 31.05.2019 г.