Бригада Виктора Василевского отвечает за порядок на мелиоративных каналах Шумилинского района

Экология Экономика

Брыгада Віктара Васілеўскага
У першую нядзелю чэрвеня работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм адзначаюць сваё прафесійнае свята. Меліяратараў аб’ядноўвае любоў да роднага краю, да сваёй зямлі. Яны працуюць, каб зямля заставалася  ўрадлівай і дагледжанай.
Шумілінскія меліяратары за мінулы год правялі рэканструкцыю  169 гектараў меліярацыйных сістэм на аб’екце “Пушча” (сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае”), зрабілі ачыстку 50,4 км каналаў (амаль 180% да задання), высеклі кустоўе на 50 км (106%). Сёння меліяратары займаюцца рамонтам трубапераездаў, калодзежаў, прамыўкай дрэнажу, даглядаюць меліярацыйныя каналы.
В. а. дырэктара ПМС Вячаслаў Масько, да якога мы звярнуліся напярэдадні прафесійнага свята – Дня меліяратара, параіў напісаць пра брыгаду рамонтнікаў штучных збудаванняў пад кіраўніцтвам Віктара Васілеўскага, якая адказвае за навядзенне парадку на каналах.
– За май высеклі кустоў на каналах на даўжыні 7,5 кіламетра, – расказаў Віктар Васілеўскі. – Гэты добры вынік, улічваючы тое, што ішло не рэдкалессе, а густыя лазнякі. Увогуле ў нас брыгада дружная. Самы вопытны – Каліна Сцепаненка, які аддаў меліярацыі каля сарака гадоў, больш за дваццаць гадоў працуе Анатоль Іваноўскі. Сярод меліяратараў са стажам Эльдар Хайрулін і Васіль Сяргееў. Усе разам мы вучым нашых маладых калег – Андрэя Шніпава і Уладзіміра Захарава.
Андрэй працуе на прадпрыемстве амаль што год, а вось Уладзімір усяго тры месяцы. Хлопцы на практыцы вывучаюць асаблівасці і катэгорыі грунтоў, арганізацыю і тэхналогію вытворчасці земляных работ, устройства меліярацыйнай тэхнікі.
Меліяратары – людзі дальнабачныя, вызначаюцца фізічнай вынослівасцю і загартоўкай, бо ім прыходзіцца працаваць на адкрытым паветры ў любы час года і ў любое надвор’е. Як і раней, у гэтым годзе асноўнымі відамі дзейнасці меліяратараў застаюцца работы па рэканструкцыі і ўтрыманні меліярацыйнай сеткі ў спраўным стане, ачыстка ад заглейвання каналаў і іх абкошванне. Пераходзячымі аб’ектамі на гэты год засталіся рэканструкцыя меліярацыйных сістэм на аб’ектах “Леніна” і “Гарбузы” (УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”), “Мішневічы-2” і “Грудзінава” (КУСГП “Ульскі”). Рыхтуецца праектная дакументацыя на рэканструкцыю аб’екта “Ваўчкі” і “Карла Маркса” ў КУСГП “Ульскі”. Адным словам, работы ўволю.
В. а. дырэктара ПМС Вячаслаў Масько прасіў павіншаваць праз раённую газету ўсіх шумілінскіх меліяратараў, падзякаваць ім за цярпенне і старанне, пажадаць здароўя і дабрабыту.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №42 ад 31.05.2019 г.