Криминал. Происшествия

Происшествия

Угоншчык
Раённая газета пісала пра крадзеж матацыкла і мапеда з гаспадарчай пабудовы ў Обалі. Нядаўна злачынства раскрыта. Пакатацца на чужым матацыкле вырашыў 15-гадовы мясцовы хлопец. Але з’ехаць яму, як бачыце, далёка не ўдалося.
Крадзяжы
У гэтым годзе ў раёне адбыліся 143 крадзяжы, у тым ліку 63 з жылля. Узровень раскрывальнасці крадзяжоў з кватэр і прыватных дамоў склаў 69,5%.  Па-ранейшаму застаюцца актуальнымі прапажы мабільных тэлефонаў. Сёлета зарэгістравана 14 такіх выпадкаў.
Аліменты
Жыхарка Шуміліна згодна з рашэннем суда была абавязана выплачваць  сродкі на выхаванне свайго сына былому мужу. Вядома, каб плаціць грошы, трэба працаваць, а жанчына пра гэта і не думала. Запазычанасць па аліментах склала больш за дзесяць мільёнаў. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Агонь
На мінулым тыдні супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях выязджалі на пажар у аграгарадок Светласельскі. Жылы дом загарэўся знутры, пашкоджаны сцены і маёмасць.  Гаспадары дома разбілі акно і сталі праз яго выкідваць пажыткі. Але гэтым самым толькі нашкодзілі, бо пры доступе кіслароду агонь разгарэўся яшчэ мацней. Выратавальнікі папярэджваюць: пры пажары нельга раскрываць вокны і дзверы.
Матэрыялы па дадзенаму пажару перададзены ў райаддзел унутраных спраў.  Не выключаецца падпал.
Каністры
У міліцыю звярнулася жыхарка Обалі. На ўваходных дзвярах яе хлеўчука, які знаходзіцца ля дома, па-шкодзілі навясны замок. Прапалі газавы балон, дзесяцілітровая каністра з чатырма літрамі бензіну і 20-літровая каністра з саляркай. Урон, нанесены гаспадыні, складае амаль трыста тысяч рублёў.
Злодзея знайшлі, ім аказаўся раней судзімы за крадзеж мясцовы жыхар. У ходзе следства высветлілася, што гэты ж мужчына некалькі дзён таму з хлеўчука гэтай жа пацярпелай украў яшчэ адзін газавы балон. У крадзяжы прызнаўся. Супраць злачынца ўзбуджаны дзве крымінальныя справы.
Падвал
Што на ўваходных дзвярах падвалаў шматкватэрных дамоў павінны быць надзейныя замкі, у гэтым нядаўна пераканалася жыхарка райцэнтра. Шляхам падбору ключоў у яе падвал праніклі злодзеі. Укралі два дарожныя веласіпеды  і сетку з бульбай. Урон, нанесены пацярпелай, складае больш за мільён рублёў. Злодзеі вышукваюцца.
Перакрыжаванне

Раённая газета пісала пра трагедыю на перакрыжаванні вуліц Вакзальнай і Ленінскай, калі пад коламі аўтамабіля загінуў чалавек. А праз тыдзень на гэтым жа перакрыжаванні адбылося яшчэ адно дарожна-транспартнае здарэнне. А сёмай гадзіне вечара на вуліцы было пахмурна, марасіў дождж. Менавіта з-за гэтага, як патлумачыў супрацоўнікам ДАІ шумілінскі вадзіцель “Рэно”,  ён не заўважыў дзяўчыну, якая пераходзіла дарогу  да магазіна “Эдэльвейс”.  Аўтамабіль наехаў на дзяўчыну. Добра, што вадзіцель рухаўся на невялікай хуткасці і дык паспеў затармазіць. Дзяўчына атрымала нязначныя цялесныя пашкоджанні. Па дадзенай аварыі праводзіцца праверка.
Па матэрыялах РАУС і райаддзела па надзвычайных сітуацыях падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №84 ад 01.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *