Рейдовая группа отправилась в деревню Новозароново

Безопасность Новости Общество

Расказалі пра бяспеку, праверылі печкі, пліты
На мінулым тыдні на тэрыторыі ўсіх сельсаветаў раёна прайшоў рэйд па папярэджанні гібелі людзей ад знешніх прычын, удзел у якім прыняла і карэспандэнт раённай газеты.

Старшыня Сіроцінскага сельсавета Аксана Шынкевіч вызначыла для нашай рэйдавай групы Новазаронава. Вёска аддаленая, да таго ж, ажыўляецца летам: на сезон сюды прыязджае шмат дачнікаў.
Участковы інспектар РАУС Юрый Сільвестраў расказаў вясковым жыхарам і дачнікам пра асабістую і маёмасную бяспеку, на прыкладах паказаў як важна замыкаць дзверы, калі ідзеш да суседзяў ці на агарод, не пакідаць без нагляду веласіпеды, мотаблокі і прыстасаванні да іх. Участковы інспектар папярэдзіў, што менавіта ў летні перыяд у маленькія вёскі прыязджаюць злодзеі, прадстаўляюцца работнікамі сацыяльнай службы ці гандлярамі. А пасля высвятляецца, што з хаты прапалі грошы ці каштоўныя рэчы. Юрый Сільвестраў расказаў пра бяспечныя паводзіны на вадзе. Гэта актуальна для Новазаронава, бо тут працякае рэчка, побач знаходзіцца Заронаўскае возера, на якія па выхадных прыязджае шмат гарадскіх рыбакоў і купальшчыкаў.
Юрый Сільвестраў падкрэсліў, што ў любым выпадку людзі могуць разлічваць на дапамогу супрацоўнікаў РАУС. Але і самі павінны быць пільнымі: тэлефанаваць у міліцыю, калі ў вёску прыехалі невядомыя людзі і ходзяць па хатах, калі нехта цікавіцца, у каго на агародзе расце мак, калі ў суседзяў сістэматычныя крыкі і сваркі, калі нехта прадае фальсіфікаваныя алкагольныя напіткі.
Старшы інспектар інспекцыі  нагляду і прафілактыкі РАНС Дзмітрый Гушчын праверыў і сфатаграфаваў печкі і грубкі ў дамах, лазнях і гаспадарчых пабудовах. Раздаў людзям памяткі па пажарнай бяспецы, некаторым гаспадарам рэкамендаваў адрамантаваць і пабяліць грубкі, іншым – прыбіць перадтопачны ліст, памяняць электраправодку ці абкласці асбестацэментны дымаход цэглай.
Пра бяспечнае абыходжанне з газам у быце гаварыў слесар раёна газазабеспячэння Аляксандр Хашкоўскі, які праверыў газавыя пліты ва ўсіх домаўладаннях. Некаторым гаспадарам раіў зрабіць форткі на верандах, іншым – зрабіць дыягностыку газавай пліты, а аднаму гаспадару было выдадзена прадпісанне купіць новую газавую пліту, бо старая не прыгодна да эксплуатацыі. Агульная для ўсіх рэкамендацыя – у спякоту накрываць балоны на верандах, каб на іх не траплялі прамыя сонечныя прамяні.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №48 ад 21. 06.2019 г.