Почему разнятся цены на кассе и полках магазинов.

Общество

“…Лыжка знайшлася, але асадак застаўся”
У час, калі цэны скачуць навыперадкі з заробкамі, міжволі пачынаеш звяртаць на іх увагу. Прыходзіцца глядзець, ці хопіць у кашальку грошай, каб разлічыцца на касе. І вельмі непрыемна пачуць ад касіра зусім іншы кошт тавараў, чым пазначана ў цэнніку на паліцах.
Не адзін раз быў сведкам ва ўніверсаме “Цэнтральны”, калі пачуўшы цану на касе, пакупнікі адмаўляліся купляць той ці іншы прадукт, бо цана на некалькі соцень, а то і тысяч рублёў называлася большая, чым на цэнніках у гандлёвай зале. Нядаўна трапіў у падобную сітуацыю.
Прадаўцы звычайна тлумачаць: ”Не паспелі памяняць цэннік”. А экран касавага камп’ютара, і чэк пацвярджаюць правільнасць новай, больш высокай цаны.
Зноў пра “Цэнтральны” – усё ж такі самы буйны магазін. Да прыкладу, на паліцах пакеты з грэчкай усе аднолькавыя, пад імі два цэннікі – “18 тысяч” і “22 тысячы”. Які з іх правільны?.. Чытай, пакупнік, ярлык на пакеце і параўноўвай з цэннікам. А ўся рыба, наогул, звалена агульным грудам ў маразільніку, над грудам спіс цэн – чытай, вышуквай.
Паспрабавалі высветліць прычыну такой неразбярыхі. Вось што патлумачылі ў розных інстанцыях:
А. П. Іванова, прадавец 5 катэгорыі ўніверсама “Цэнтральны”: ”Такая праблема існуе. У магазіне не хапае прадаўцоў, усе загружаны, ледзь паспяваем выкладваць тавары. Справа ў тым, што практычна кожная новая партыя тавараў прыходзіць з новымі цэнамі і мы проста не паспяваем пісаць і выстаўляць новыя цэннікі”.
Л. С. Дегцярэнка, намеснік старшыні райспажыўтаварыства: ”На жаль, такая праблема сапраўды існуе. Цэны мяняюцца штодзень і не заўжды ў магазінах паспяваюць мяняць цэннікі, хаця ёсць канкрэтныя ўказанні наконт адпаведнасці цэннікаў рэальным цэнам на выстаўленыя тавары. З боку райспажыўтаварыства існуе пастаянны кантроль, створаны аддзел па цэнах, ёсць адпаведны спецыяліст і ў “Цэнтральным”. Магу паведаміць толькі, што ўзмоцнім кантроль у гэтым напрамку”.
А. У. Карпушэнка, спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама: ”Гэта грубае парушэнне правілаў гандлю і правоў пакупніка. У выпадку разыходжання цаны, якая ўказана на цэнніку ў гандлёвай зале, і на касе, пакупніка абавязаны разлічыць па цане, якая ўказана на цэнніку. Калі ў магазін паступіў тавар па новай цане, то спачатку прадаецца ўвесь тавар па старых цэнах, потым выкладваецца тавар па новых цэнах з новым цэннікам.
Так што ў спрэчных выпадках бярыце цэннік з паліцы і ідзіце да касы – вас павінны разлічыць па цане, якая стаіць на цэнніку. І не саромейцеся адзначыць факт парушэння ў “Кнізе заўваг і прапаноў” у магазіне”.
Вось і выбірай, пакупнік, сваю версію. Ці то не паспяваюць мяняць цэннікі. Ці гэта такі маркетынгавы ход – нехта паморшчыцца, але засаромеецца вяртаць тавар, заплаціць даражэй, чым разлічваў. Ці нейкія іншыя прычыны?
Дарэчы, такая практыка існуе не толькі ў “Цэнтральным”, у некаторых вясковых магазінах тавары на паліцах раскладзены самі па сабе, цэннікі пад імі вісяць таксама самі па сабе. І калі лічбы цаны больш-менш буйныя, то прачытаць назву тавару, напісаную звычайнай ручкай, з адлегласці ў некалькі метраў проста немагчыма.
Пасля тэлефанавання ў магазін названыя недахопы выправілі. Але атрымліваецца, як ў анекдоце: ”Лыжка знайшлася, але асадак непрыемны застаўся”.
А тут і новая тэма нарысавалася – чаму перад падаражаннем цукар з паліц знікае, а наступнай раніцай з’яўляецца па новых цэнах? За ноч завезлі?
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №84 ад 01.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *