Рассказ о том, как главный редактор «Герой працы» работал Дедом Морозом

Актуалии Общество

І галоўны рэдактар – Дзед Мароз
Калі мы і не марым сустрэць Дзеда Мароза, то стаць ім нічога і нікому не перашкаджае. А што можа быць больш радасным, як нечаканы прыход зімняга госця. Парадаваць сваіх сяброў вырашылі і мы. Галоўны рэдактар раённай газеты Сяргей Ермалаеў разам з намеснікам Аленай Карпушэнка, пераапрануўшыся ў Дзеда Мароза і Снягурку, узяўшы з сабой цукеркі, адправіліся ў госці да падпісчыкаў раёнкі, сённяшніх і будучых.
У новым доме, што на завулку Угнявёнка, нечаканым гасцям былі вельмі рады.
– Хто там? – пыталіся праз дамафон.
– Адчыніце Дзеду Марозу, – прасілі мы.
І дзверы гасцінна расчыняліся. Дзеці расказвалі вершы, мацалі Дзеда Мароза за бараду, абдымаліся і не хацелі развітвацца. А ў гасцінным доме шматдзетнай сям’і Мясаедавых (на здымку) самы малодшы член сям’і Саша са слязамі на вачах заявіў: “Няхай Снягурка застанецца”.
Наогул, мы заўважылі, што гэты дом дужа багаты на дзетак, добрых бацькоў, шчырых светлых людзей. Многія адгукнуліся на прапанову падпісацца на “Герой працы”, добра выказваліся ў адрас газеты, шчодра адорвалі калектыў рэдакцыі віншаваннямі.
А мы ў сваю чаргу вельмі рады таму, што сяброў у раёнкі стала больш, абяцаем і ў наступіўшым годзе апраўдваць вашы спадзяванні, адгукацца на пажаданні, заставацца самымі вернымі вашымі сябрамі. А вы падказвайце цікавыя тэмы, прыходзьце да нас з прапановамі. Давайце разам рабіць наша жыццё больш светлым, радасным і цікавым. З Новым годам, з новымі марамі! Будзем разам, дарагія нашы чытачы!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №1 ад 05.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *