День памяти жертв Великой Отечественной войны шумилинцы отметили митингом, флешмобом и поездкой на катамаранах

Актуалии Общество

Жахі вайны не забыць ніколі
22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. 75 гадоў назад сонечным ранкам наша зямля задрыжала ад выбухаў бомбаў і снарадаў – вораг прыйшоў, каб захапіць нашу зямлю, каб зрабіць рабамі ці знішчыць яе жыхароў. У крывавых бітвах адстаялі свабоду і незалежнасць нашы продкі. Наш святы абавязак вечна памятаць пра іхні подзвіг, пра іхнюю вялікую ахвяру дзеля міру на Зямлі.

Мітынг-рэквіем
У гэты памятны дзень на брацкіх могілках у Шуміліне прайшоў мітынг-рэквіем. На мітынг сабраліся прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, прыйшлі выхаванцы школьнага летніка. Намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава нагадала, якой цаной нам дастаўся мір, што мы павінны памятаць пра тых, хто прынёс у ахвяру сваё жыццё, даў нам мірнае неба над галавой. Дзве даты: 22 чэрвеня – дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 23 чэрвеня – дзень вызвалення Шумілінскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – на календары стаяць побач, але паміж імі тры трагічныя і гераічныя гады.
Няма такой сям’і на Беларусі, якую не закранула б вайна. Яна жорстка і бязлітасна забірала блізкіх людзей. Пра сваіх сваякоў, пра барацьбу ў гады вайны расказаў сябар раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў маёр у адстаўцы У. Г. Шаршун.
Ад імя моладзі раёна  вучань СШ №1 Максім Бурлакоў цвёрда запэўніў у тым, што маладое пакаленне захавае памяць пра вайну.
Кветкі на брацкіх могілках ад удзячных нашчадкаў. Хвіліна маўчання ў памяць пра тых, хто загінуў, баронячы нашу незалежнасць.

Флэшмоб
На плошчы гучыць радыётрансляцыя “Завешчана памятаць”, прысвечаная 75-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Маладзёжная арганізацыя раёна ў гэты дзень арганізавала акцыю-флэшмоб, як сімвал памяці пра усіх тых, хто загінуў у гады вайны: каля ста дзяцей з рознакаляровымі шарыкамі выстраіліся на цэнтральнай плошчы ў кампазіцыю, якая аб’яднала зорку, лічбу 75 і сцяг Шумілінскага раёна.

Па месцах баявой славы
“У такі дзень хацелася правесці адметную акцыю, – расказвае старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава. – Актыўныя ўдзельнікі сумеснага праекту раённай ветэранскай арганізацыі і Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея “Народная крыніца” вырашылі правесці паход па месцах баявой славы”.
У гады вайны рака Обаль была лініяй фронту. Ветэраны праплылі на катамаранах каля васьмі кіламетраў. Па дарозе з гісторыяй баявых дзеянняў у гады вайны ветэранаў знаёмілі дырэктар музея С. В. Іванова і старшыня раённай арганізацыі ваенных маракоў А. Л. Бычкоў, які і прадставіў катамараны ветэранам.
Завяршылася мерапрыемства імправізаваным мітынгам каля памятнага знака ў вёсцы Мазуры, прысвечанага пачатку аперацыі “Баграціён” у Шумілінскім раёне.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №49 ад 24.06.2016 г.

Обаль памятае сваіх герояў
Жыхары гераічнай Обалі ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны землякоў. 22 чэрвеня тут прайшоў мітынг-рэквіем “Мы гэтай памяці верныя”. Ля стэлы обальскім падпольшчыкам сабраліся жыхары пасёлка, школьнікі, выхаванцы дзіцячага сада, прадстаўнікі мясцовай улады. Словы пашаны і бясконцай удзячнасці бясстрашным обальскім мсціўцам гучалі ў выступленні намесніка дырэктара Обальскага керамічнага завода Наталлі Будневіч. Да падножжа абеліска ляглі кветкі.
Пасля мітынгу Обальскі дом культуры, які выступіў арганізатарам мерапрыемства, запрасіў усіх жадаючых на фільм “Юныя мсціўцы”.
*   *   *
Обальскі музей камсамольскай славы, які ўражвае сваёй экспазіцыяй пра юных герояў-землякоў, праводзіў 22 чэрвеня экскурсію для гасцей з Пскова, якія прыехалі пакланіцца беларускім маладагвардзейцам. Наогул, як расказала захавальніца музейных каштоўнасцей Л. П. Лузгіна, расіяне частыя госці ў музеі, асабліва летам. Пскоў і Смаленск, Масква і Санкт-Пецярбург, Сочы і Краснаярск – геаграфію можна вызначыць па запісах, пакінутых у кнізе водгукаў музея.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №49 ад 24.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *