Кто они, похороненные в братской могиле на 572 километре железной дороги Шумилино–Полоцк?

Беларусь помніць

Эстафета памяці
На 572-м кіламетры чыгункі ў накірунку ад Шуміліна на Полацк непадалёк ад чыгуначнага палатна стаіць невялікі абеліск. На ім выгравіраваны надпіс: “Двое невядомых салдат, загінуўшых у баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы”. Хто яны, гэтыя безыменныя невядомыя? Чаму тут набылі спакой? Хто захаваў памяць пра іх?

Памяць вяртае нас да падзей 1944 года. Раніцай 23 чэрвеня 1944 года магутныя залпы артылерыі савецкіх войскаў апавясцілі пра пачатак аперацыі “Баграціён”. Наступаючы на шумілінскім накірунку, пераадольваючы лютае супраціўленне ворага, войскі 43-й арміі выбілі фашыстаў з першых траншэй, займаючы адну пазіцыю за другой. 23 чэрвеня Шуміліна было вызвалена часцямі 306-й і 179-й стралковых дывізій. Імклівым ударам нашы войскі фарсіравалі Заходнюю Дзвіну і працягвалі граміць адступаючага ў паніцы ворага.
У першы для Шуміліна мірны дзень на руіны і пажарышчы вярталіся мясцовыя жыхары. Вакол разруха, целы загінуўшых салдат, пакарабачаная тэхніка. Людзей чакала вялікая праца – аднавіць разбураную гаспадарку, адбудаваць жыллё, навесці парадак на сваёй зямлі. Але галоўнае – людзям трэба было нешта есці. Гэты клопат і прывёў дзвюх дзяўчат, Ірыну і Надзею, да чыгуначнага палатна, куды яны прыйшлі нарваць шчаўя, каб хоць неяк збіць голад.
Вось тут, на трэцім кіламетры ад Шуміліна, і ўбачылі дзяўчаты двух нашых салдат – мёртвых, акрываўленых, расстраляных аўтаматнымі чэргамі, і зусім яшчэ маладых. Дапамагчы дзяўчатам пахаваць хлопцаў адазваліся рабочыя-чыгуначнікі Анатоль Голубеў і Захар Васільеў. У загінуўшых салдат не аказалася ніякіх дакументаў, таму ўстанавіць іх імёны не ўдалося. Хутчэй за ўсё гэта былі разведчыкі, якія спрабавалі выканаць адно з баявых заданняў. Так ля чыгункі з’явілася магіла двух невядомых салдат.
Праз год, 9 мая 1945 года, у знамянальны дзень Вялікай Перамогі Ірына, Надзея, Анатоль і Захар зноў сабраліся ля магілы, каб паставіць загінуўшым хаця б просты помнік. У памяць пра двух салдат ля абеліска былі пасаджаны дзве бярозкі. З таго часу гэтае месца стала месцам асаблівага смутку тых, хто так і не дачакаўся сваіх сыноў, мужоў, бацькоў з вайны.
Час ішоў. Дзяўчаты сталі настаў-нікамі Шумілінскай сярэдняй школы №1. Ірына Цімафееўна Клімянценка выкладала геаграфію, Надзея Мацвееўна Масько – беларускую мову і літаратуру. Усё сваё жыццё яны прыходзілі на магілу салдат, даглядалі яе. Наведвалі гэтае памятнае месца і іх родныя і знаёмыя.
Пасля смерці Надзеі ў 1972 годзе, Ірыны ў 1984 годзе эстафету памяці прынялі іх дзеці і родныя. З душой наводзілі парадак на магіле двух невядомых салдат сыны І. Ц. Клімянценкі Мікалай і Міхаіл, сястра Надзеі Мацвееўны, таксама Надзея, і яе муж Іваноў Віктар Сцяпанавіч, сын А. А. Голубева Сяргей, ветэраны вайны і працы Аляксандр Макаравіч Маісеенка, Уладзімір Фёдаравіч Жукаў.
Добраўпарадкоўваючы магілу, высеклі кустоўе, выпалалі вакол траву, пасадзілі кветкі. Мікалай і Міхаіл Клімянценкі прывезлі для помніка тры валуны, устанавілі агароджу. А. М. Маісеенка ўмураваў у помнік зорку з нержавеючай сталі і дзве салдацкія каскі, пафарбаваў помнік і агароджу. Яго сын Анатоль Маісеенка, брыгадзір электрыкаў Віцебскага завода імя Кірава, зрабіў з нержавеючай сталі надпіс “Ніхто не забыты, нішто не забыта. Двое невядомых салдат. Яны загінулі ў баі за гонар, свабоду і незалежнасць нашай Радзімы 23 чэрвеня 1944 года”. Сяргей Голубеў, энергетык райсельгастэхнікі, падносіў ваду, пясок, рабіў раствор, аднавіў зробленую раней на адкосе зорку, побач з ёй змясціў надпіс “Слава загінуўшым героям!”. В. С. Іваноў і У. Ф. Жукаў зрабілі падсыпку з пяску і чырвонага шамоту на магіле і вакол яе. Надзея Мацвееўна і Соф’я Мартынаўна Бібкіна, якая згу-біла не вайне ўсіх родных, палолі траву, высаджвалі кветкі.
Раслі адна каля адной, становячыся ўсё вышэй, дзве прыгажуні-бярозкі. Клапатліва і беражліва, быццам за магілай самых блізкіх і дарагіх людзей, даглядалі памятнае месца шумілінцы.
У 1984 годзе ў год 40-годдзя Перамогі ў памяць пра загінуўшых воінаў Віцебскае аддзяленне беларускай чыгункі ўстанавіла знак падачы гукавога сігналу каля магілы двух невядомых салдат. А ў верасні 1984 года раённы камітэт ДТСААФ сумесна са сваім пошукавым аддзелам “Памяць” прыняў пастанову пра пастаяннае шэфства над магілай. Эстафета памяці была ў на-дзейных руках.
Многае змянілася з тых часоў. Не стала на карце свету СССР – краіны, якая перамагла фашызм, ідуць з жыцця апошнія героі той страшнай вайны.
У 2007 годзе, даведаўшыся пра існаванне гэтага пахавання, добра-ўпарадкаваць яго вырашылі педагогі і вучні Шумілінскай СШ №1: намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Любоў Сіліна, педагог-арганізатар і кіраўнік музея гісторыі школы Святлана Емяльянава, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” Галіна Волкава і старшакласнікі. На дапамогу прыйшлі тагачасны старшыня Светласельскага сельскага Савета Віктар Шчарбакоў і муж Любові Барысаўны Генадзь Віктаравіч.
Прабіраючыся праз зараснікі кустоў, вучні і настаўнікі ішлі да магілы. Уважліва слухалі дзеці гісторыю пра з’яўленне гэтага пахавання, ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, а затым узяліся за работу. Каля магілы высеклі кусты, прыбралі смецце, ачысцілі сцежку, пафарбавалі помнік. Пра гэтую акцыю, якая так і была названа – “Памяць”, быў зняты аднайменны відэафільм, які зараз паказваюць дзецям на ўроках мужнасці ў школьным музеі. Магіла двух невядомых салдат стала аб’ектам пастаяннага клопату вучняў і педагогаў СШ №1.
Год 2019-ты. Дзве маладзенькія бярозкі, пасаджаныя чыгуначнікамі ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, зелянеюць ля магілы, да якой вядзе абкошаная сцяжынка. Вакол чыста і акуратна. Да сённяшняга часу не ведаюць жыхары Шуміліншчыны, дзе нарадзілся і выраслі пахаваныя тут салдаты, не вядомыя іх імёны, але жывая памяць пра радавых герояў Вялікай Айчыннай вайны, і няма ёй канца ў нашых пакаленняў.
Святлана ЕМЯЛЬЯНАВА, намеснік дырэктара, кіраўнік музея гісторыі Шумілінскай СШ №1.
Надрукавана ў №51 ад 02.07. 2019 г.