«Сэрца падказала: трэба шукаць»

Беларусь помніць Новости

«Сэрца падказала:  трэба шукаць»
У гады Вялікай Айчыннай вайны кагосьці з блізкіх страціла амаль кожная сям’я ў былым Савецкім Саюзе. Дзесяцігоддзямі сваякі не ведалі, дзе знайшоў апошні прытулак іх муж, бацька, дзед.

Людміла Фядотава і Святлана Талсташэіна на брацкіх могілках у Тропіне.

1941 год. Сяло Леднева Юр’еў-Польскага раёна Іванаўскай (зараз Уладзімірскай) вобласці. Дзмітрыю Іванавічу Папову 34 гады, ён працуе вартаўніком на мясцовай ткацкай фабрыцы “Авангард”. Дома падрастаюць трое дзетак. Але ў мірнае жыццё ўварвалася вайна. Дзмітрыя Папова мабілізуюць у армію. Гаспадар папрасіў жонку і дзяцей, каб тыя не пісалі яму лістоў, бо “ён пайшоў на фронт, на вайну”.
Яго лёс заставаўся для сваякоў невядомым. Закончылася вайна, толькі вось не вярнуўся дамоў Дзмітрый Папоў. Два даваенныя фотаздымкі захоў-валі родныя як памяць пра бацьку, дзеда і прадзеда.
“Пра майго дзеда, Дзмітрыя Іванавіча, у сям’і ўспаміналі пастаянна. Непакоіла ў першую чаргу невядомасць: дзе загінуў, дзе пахаваны? – расказвае Людміла Фядотава. – Некалькі разоў рабілі запыты ў розныя інстанцыі, але адусюль атрымлівалі адзін адказ: “Звестак не знойдзена”. Спачатку пошукамі займаліся дзеці, затым – унукі, у тым ліку і я. А ў апошнія гады падключыліся праўнукі”.
Як прызнаецца праўнучка Святлана Талсташэіна, хацелася даведацца пра свайго прадзеда-франтавіка, схіліць галаву над яго магілай.
Усё памянялася сёлета, літаральна за некалькі месяцаў. “У лютым сэрца нібы падказала, што трэба зноў пачаць шукаць дзеда, – са слязьмі на вачах расказвае Людміла Генадзьеўна. – У мясцовы ваенкамат мяне павяла нейкая невядомая сіла. Падала запрос, і там, у ваенкамаце, дала сабе слова, што, калі знойдуць дзеда, то адразу паеду туды, дзе ён загінуў. І няважна, дзе будзе гэтае месца”.
Праз некалькі тыдняў з ваенкамата прыйшоў адказ і копія “пахаванкі”.  Так сваякі даведаліся, што Д. І. Папоў загінуў 3 студзеня 1944 года ў Беларусі каля вёскі Ермачкі Шумілінскага раёна.
Да пошукаў падключыліся мясцовыя пошукавыя клубы, штомесяц сям’я атрымлівала новыя звесткі пра Дзмітрыя Іванавіча. Даведаліся, што ў лістапа-дзе 1943 года за баі ў Цвярской вобласці быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. А ў маі прыйшоў адказ з Шумілінскага раёна, што Дзмітрый Іванавіч Папоў разам з іншымі савецкімі салдатамі пахаваны на брацкіх могілках у Тропіне.
“Першае жаданне было адразу паехаць у Беларусь, – расказваюць жанчыны. – Але на сямейнай нарадзе вырашылі, што паедзем на Дзень Незалежнасці Беларусі. Хацелася таксама паглядзець, як у вашай краіне будзе адзначацца 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.
Напярэдадні Дня Незалежнасці Л. Г. Фядотава і С. В. Талсташэіна з Уладзіміра прыехалі ў Шумі-ліна. Яны наведалі мемарыяльны комплекс у Тропіне. Схілілі галовы перад магілай Д. І. Папова, усклалі кветкі і запалілі лампаду. Зямля на брацкіх могілках папоўнілася зямлёй з сяла Леднева, зямлёй, дзе жыў Дзмітрый Папоў. Затым жанчыны пабывалі ва ўрочышчы Ермачкі, там, дзе загінуў іх дзед.
За некалькі дзён яны паспелі з’ездзіць у Брэсцкую крэпасць, пабываць у Хатыні. Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь З ліпеня сустрэлі ў Шуміліне. “Дзякуй вам, беларусы, за памяць аб загінуўшых воінах, – адзначылі Людміла Фядотава і Святлана Талсташэіна. – А ўрачыстасці з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі пакінулі такія моцныя ўражанні, што словамі і не перадаць. Думаем, што гэта не апошні наш візіт у Беларусь”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №53 ад 09.07.2019 г.