Бережно сохраняют народные ремёсла в Мишневичах

Актуалии Край шумілінскі Культура

Е. Н. Видникевич

Мішневіцкая зямля здаўна славілася майстрамі
Далёка не ў кожнай вёсцы могуць пахваліцца клубам народных майстроў.
“Наш клуб створаны больш за дзесяць гадоў таму, –  расказвае загадчыца Мішневіцкага сельскага клуба Н. Р. Віднікевіч. – Мішневіцкая зямля здаўна славілася знакамітымі майстрамі. Тут было развіта бондарства, стальмаства – рамяство па вырабу конскіх калёс і саней, нашы бабулі шылі, ткалі, вышывалі. Многія землякі плялі кошыкі і валілі валёнкі. Яшчэ гадоў дзесяць таму вядомы стальмах з Заобалі  У. П. Картавенка рабіў калёсы не толькі для сябе і мясцовай гаспадаркі, але і для суседніх. А сёння рамесніку не дазваляе здароўе на поўную моц займацца сваёй  любімай справай. Як, дарэчы, і  Уладзіміру Піліпавічу Старавойтаву з гэтай жа вёскі, які за сваё жыццё зваляў не адну пару валёнак.
Клуб народных майстроў як раз і ставіць перад сабой задачу захаваць гэтую спадчыну, даць другое жыццё старым рамёствам. Члены клуба захопленыя і зацікаўленыя сваёй справай. Як, напрыклад, Вольга Прохараўна Зуева, якая захапляецца разьбой па дрэву, як Наталля Зуева, якая займаецца мастацкім роспісам. У Аляксандры Пятроўны Якаўлевай любімая справа – вязанне,  а ў Антаніны Сцяпанаўны Івановай  – вышыўка, у Валерыя Канстанцінавіча Дарафеева – выраб драўляных лыжак і лапатачак.
Клуб народных майстроў у Мішневічах зараз налічвае паўтара дзясятка чалавек, сярод якіх нямала моладзі. “Займаюся вышываннем дзевяць гадоў, – расказвае  Кацярына Гулідава, адна з самых маладых удзельнікаў клуба народных майстроў. –  Гэта справа вельмі захапляе. Падабаецца, што нашы работы кожны год на раённых выставах.”
У вестыбюлі Мішневіцкага клуба арганізавана выстава народных майстроў. Тут мноства вышыванак, падзелак, ёсць і саматканыя ручнікі. Да нядаўняга часу іх вырабам займалася Ева Мікітаўна Віднікевіч са Жданоўкі (на здымку). Яна размяняла дзявяты дзясятак і з’яўляецца самым старэйшым членам клуба народных майстроў. Жанчына паказала нам цэлую калекцыю саматканых ручнікоў, пакрывалаў і прасцін. Многія з іх упрыгожаны яркімі ўзорамі вышыўкі. “Ткацкі станок мела яшчэ мая мама, – расказвае Ева Мікітаўна, – перадала яго ў спадчыну мне. Раней жа ткалі ўсё – прасціны, ручнікі, адзенне, нават нацельнае.” Ева Мікітаўна беражліва захоўвае дыплом, які ёй уручылі на абласным свяце нацыянальнай культуры ў Міёрах “Нас з’яднала зямля Беларусі”. Яна з’яўлялася дыпламантам у намінацыі “Захаванне народных традыцый”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №85 ад 04.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *