У Шумілінскім раёне вызначаны пераможцы на касавіцы, здрабненні зялёнай масы і адвозцы

Актуалии Экономика

Так трымаць,  лідары касавіцы!
У пачатку нарыхтоўкі кармоў сярод механізатараў сельгасарганізацый былі аб’яўлены спаборніцтвы. Нядаўна на прэзідыуме райкама прафсаюза работнікаў АПК падвялі вынікі першага ўкосу, былі вызначаны пераможцы на касавіцы, здрабненні зялёнай масы і адвозцы.

Віншаванні прымаюць механізатары «Шумілінскага райаграсэрвіса».

Разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольгай Пусянковай карэспандэнт раённай газеты адправілася віншаваць лідараў зялёнага жніва. На КВК-800 не было роўных Сяргею Гоманаву з УП “Шумілінскі райагарсэрвіс” (на яго рахунку 7 тысяч тон сянажнай масы). Дарэчы, Сяргей атрымлівае падзякі ці не кожны год – у яго лепшыя вынікі па раёне і на жніве, і на нарыхтоўцы кармоў. Як, дарэчы, і ў яго калегі Віталя Каропы, які сёлета на МТЗ-1221 адвёз з палеткаў 2430 тон зялёнай масы.  Да віншаванняў механізатараў далучыліся антыкрызісны кіраўнік гаспадаркі Аркадзь Хадкевіч і намеснік кіраўніка па вытворчасці Таццяна Сасновіч, якія ад гаспадаркі ўручылі сваім перадавікам невялікія падарункі, пажадалі здароўя, дабрабыту і поспехаў у нялёгкай рабоце сельскай гаспадаркі.
Сярод механізатараў, якія працуюць з касілкамі, першае месца заняў Андрэй Чэклін з сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае”, які на МТЗ-82 з касілкай КДН-2,7 скасіў 731 гектар травы.
У ААТ “Прыазёрны мір” мы віншавалі Сяргея Пясецкага, які на МТЗ-3022 перавёз 2146 тон зялёнай масы. Увогуле Сяргей ніколі не падводзіць калектыў, заўсёды працуе старанна, адзначыў дырэктар гаспадаркі Юрый Савіцкі, які прыйшоў па-ціснуць мазолістую руку перадавіка гаспадаркі.
Вадзім Гарланаў.

У гэтай жа гаспадарцы вызначаны перадавік сярод маладых механізатараў – Вадзім Гарланаў, які на МТЗ-3022 перавёз 1987 тон зялёнай масы. Кіраўніцтва гаспадаркі лічыць, што пашанцавала на добрага работніка – у свае 22 гады Вадзім з’яўляецца прыкладам сумленнасці і працавітасці.

Словы падзякі за добрую работу і пажаданні “так трымаць” былі сказаны кожнаму лідару. Усім пераможцам працоўнага спаборніцтва па нарыхтоўцы травяністых кармоў першага ўкосу ад прафсаюза работнікаў АПК уручаны падзякі і каштоўныя падарункі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №55 ад 16.07.2019 г.