Что делать с недвижимостью – вопрос вынесен на рассмотрение президиума Шумилинского районного Совета депутатов

Актуалии Президент Экономика

Што будзем рабіць з нерухомасцю?
Прадаваць, здаваць у арэнду, знасіць

У раёне ёсць нямала памяшканняў, будынкаў і пабудоў, якія з’яўляюцца безгаспадарчымі. І колькасць іх пастаянна павялічваецца. Стаяць цяжкім грузам, псуюцца, прыходзяць у заняпад. А маглі б прыносіць прыбытак. Спосабаў для таго, каб уводзіць іх у гаспадарчае абарачэнне, закон прадастаўляе дастаткова: гэта і продаж аб’екта праз аўкцыёны, і арэнда, і перадача ў прыватную ўласнасць, і ўласнае карыстанне. Калі аб’ект не падлягае выкарыстанню – знос.
На 1 ліпеня на балансе суб’ектаў рэестра дзяржаўнай маёмасці Шумілінскага раёна маецца 2288 аб’ектаў нерухомасці, у тым ліку 659 будынкаў, 1205 збудаванняў. Згодна з графікам, зацверджаным Віцебскім аблвыканкамам, за год  раёну трэба ўцягнуць у гаспадарчы абарот  26 аб’ектаў. Вынікі першага паўгоддзя сведчаць пра недастатковую работу зацікаўленых суб’ектаў, фармальныя адносіны асобных кіраўнікоў да выканання планавых мерапрыемстваў, бо пакуль вырашана пытанне па продажы двух аб’ектаў з запланаваных 15, перадачы ў прыватную ўласнасць аднаго аб’екта. З запланаваных пад знос 9 аб’ектаў спісаны 2, але яны пакуль што не знесены.
У сувязі з гэтым пытанне “Аб выкананні заканадаўства па кіраванні і распараджэнні нерухомай маёмасцю, якая знаходзіцца ва ўласнасці Шумілінскага раёна” вынесена на абмеркаванне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, адзначыла старшыня райсавета Ірына Новікава. Трэба вызначыць меры па ўдасканаленні работы і скласці план дзеянняў усіх зацікаўленых суб’ектаў на бліжэйшы час.
Аналіз работы па абмяркоўваемым пытанні зрабіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Галіна Калыхан, адзначыўшы як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны недастатковай работы па гэтым накірунку. Галіна Тадэвушаўна расказала пра прынятыя меры па арганізацыі і правядзенні аўкцыёнаў па продажы 15 аб’ектаў нерухомасці (пераважна гэта будынкі былых устаноў адукацыі).  Некаторыя аб’екты знаходзяцца ў нездавальняючым тэхнічным стане, яны патрабуюць дадатковых укладанняў, размешчаны ў нязручных і аддаленых ад райцэнтра месцах, і таму на аўкцыёнах не заўсёды прадаюцца з першага разу. Аднак ёсць механізмы, якія садзейнічаюць прасоўванню іх продажу: заканадаўства дазваляе зніжаць кошт аб’екта ад 20 да 80%. Так, сёлета прададзены два аб’екты за  1 БВ.
Існуе праблема і з дзяржрэгістрацыяй аб’ектаў нерухомасці.  У гэтым годзе трэба зарэгістраваць 922 аб’екты нерухомасці, з іх 487 – жылога фонду. На 1 ліпеня зарэгістраваны 452 аб’екты (45,3%). Асабліва востра стаіць пытанне па сельскагаспадарчых аб’ектах, у прыватнасці, у КУСГП “Ульскі” і “Мішневічы” наогул не прыступалі да выканання графіка.  Па гэтым пытанні трымалі справаздачы дырэктары “Ульскага” (В. Лабейка), “Мішневіч” (М. Цікавенка), “Сіроцінскага” (М. Прыгодзіч), начальнікі аддзелаў райвыканкама (В. Навіцкая, В. Мянькова). Выкананне графіка ўскладняе  адсутнасць у суб’ектаў гаспадарання крыніц фінансавання і спецыяльнай юрыдычнай службы.
Спыніліся падчас абмеркавання і на пытанні арэнды і выплаты арэнднай платы ў бюджэт. Так, па словах Галіны Тадэвушаўны, у бюджэт раёна ад здачы ў арэнду маёмасці (17 прадпрыемстваў раёна здаюць у арэнду 104 аб’екты нерухомасці) паступіла за першае паўгоддзе 25,271 тыс. руб. Некаторыя суб’екты, у прыватнасці КУП БАН, маюць запазычанасці (агульная запазычанасць складае на 1.07.2019 года  2,087 тыс. руб.). Арэндадаўцам варта актывізаваць работу па спагнанні даўгоў.
На пасяджэнні было разгледжана і пытанне “Аб арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння па своечасовым выяўленні нядбайных сямей і іх сацыяльнаму суправаджэнні”. З дакладам выступіла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Людміла Грузневіч.
Па ўсіх абмеркаваных пытаннях прыняты пастановы.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №63 ад 13.08.2019 г.