На сессии Шумилинского районного Совета депутатов

Актуалии Президент Экономика

На сесіі раённага Савета дэпутатаў: Расціць кадры на сваёй зямлі
У мінулую пятніцу адбылася чарговая шаснаццатая сесія раённага Савета дэпутатаў, якую правяла старшыня раённага Савета  І. М. Новікава. У рабоце сесіі бралі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. У. Шыцько, В. Г. Парфіновіч – памочнік члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі М. М. Канявалава.  На разгляд дэпутатаў райсавета было вынесена пытанне «Аб ходзе выканання комплекснай праграмы “Кадры на 2010-2015 гг.».
З дакладам выступіў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама В. А. Емяльянаў, які прадставіў падрабязны аналіз дэмаграфічнай і кадравай сітуацыі ў раёне. Так, штогод насельніцтва  раёна змяншаецца на 1,5% (за 2014 год – 285 чалавек). Пры гэтым растуць не толькі натуральныя страты, але і міграцыйныя. У эканоміцы раёна задзейнічаны 7380 чалавек, што складае 74% ад зарэгістраванага працаздольнага насельніцтва. Значная частка працуе за межамі раёна ці, наогул, краіны. Захоўваецца высокая цякучасць кадраў – каля 20% работнікаў пастаянна “бегаюць” з арганізацыі ў арганізацыю.
Дакладчык прадставіў аналіз кадравай сітуацыі па асноўных сферах занятасці ў раёне. Занепакоенасць выклікае той факт, што 31,4% працоўных маюць агульную сярэднюю, а 6,6% — агульную базавую адукацыю, і не маюць прафесійнай. Менавіта гэтая катэгорыя найбольш рызыкуе страціць работу ў крызісныя перыяды, што пацвярджаецца структурай беспрацоўных у раёне – 60% – з агульнай сярэдняй ці базавай адукацыяй, 25% – з прафесійна-тэхнічнай, 10% — з сярэдняй спецыяльнай і 5% — з вышэйшай. На рынку працы якраз запатрабаваны кваліфікаваныя кадры рабочых прафесій, а работы для неспецыялістаў няшмат. Не задавальняе замацаванне маладых спецыялістаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Праз 3-4 гады застаецца працаваць толькі чвэрць моладзі. Адсюль адзіная выснова – трэба расціць кадры на сваёй зямлі. Вопыт паказвае, што менавіта ўраджэнцы Шуміліншчыны часцей застаюцца працаваць у родным раёне ці вяртаюцца сюды праз некаторы час.
Дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Юбілейнай выбарчай акрузе №6 дырэктар Шумілінскай ПМК-70 А. Ю. Крыўко расказаў пра работу з кадрамі на прадпрыемстве, якое (адно з нямногіх) павялічыла колькасць работнікаў ў параўнанні з мінулым годам з 218 да 260 чалавек. Сярэдняя зарплата тут складае 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў.
Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. І. Жукава паведаміла, што за апошні час узровень беспрацоўя вырас з 0,7% да 1,8% (пры нарматыве 1,6%). Упраўленне вядзе падрыхтоўку, перападрыхтоўку рабочых і спецыялістаў, займаецца перакваліфікацыяй беспрацоўных.
Дэпутат райсавета па Мішневіцкай выбарчай акрузе №24, дырэктар Шумілінскага ПМС, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А. В. Аляксеенка патлумачыў сваё бачанне ролі прафсаюзаў у рабоце з кадрамі, асабліва на сяле, расказаў пра кадравую сітуацыю на прадпрыемстве.
Старшыня Дабейскага сельскага Савета дэпутатаў І. І. Шалахава расказала пра работу з кадрамі на прадпрыемствах сельсавета. Занепакоенасць выклікае працаўладкаванне 18 работнікаў льнозавода. Калі механізатараў адразу забралі ў сельгаспрадпрыемствы, то сітуацыя па гэтай групе працоўных пакуль няясная.
Старшыня райвыканкама У. П. Куранны, старшыня райсавета І. М. Новікава задавалі абгрунтаваныя пытанні кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў і  некаторых іншых арганізацый пра работу з кадрамі. “Толькі індывідуальная работа з кожным выпускніком, мэтавае накіраванне, падтрымка ў час вучобы, зацікаўленасць у вяртанні іх на прадпрыемства могуць паправіць сітуацыю”, – падсумаваў абмеркаванне У. П. Куранны.
Па абмеркаваным пытанні было прынята рашэнне.
У парадку кантролю на сесіі было разгледжана пытанне аб рабоце органаў улады па эфектыўным выкарыстанні дзяржаўнай маёмасці на тэрыторыі раёна. Са справаздачай выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Т. А. Сідарава. Старшыня райвыканкама У. П. Куранны адзначыў нездавальняючы ўзровень работы ў гэтым напрамку, запатрабаваў ад адказных асоб пастаянна трымаць на кантролі сітуацыю па кожным аб’екце.
Па прапанове начальніка фінансавага аддзела райвыканкама дэпутата райсавета па Кіраўскай выбарчай акрузе №2 А. С. Сідарэнкі дэпутаты зацвердзілі змяненні ў раённым бюджэце: па міжбюджэтных трасфертах у даход раённага бюджэту паступілі дадаткова 575 мільёнаў рублёў, з якіх 500 мільёнаў накіравалі на рамонт тэрапеўтычнага аддзялення Шумілінскай ЦРБ, а 75 мільёнаў – на падрыхтоўку аздараўленчых лагераў для адпачынку дзяцей. Былі ўдакладнены некаторыя іншыя артыкулы бюджэту.
Таксама дэпутаты вызвалілі КУП БАН ад пералічэння ў бюджэт часткі арэнднай платы і зацвердзілі стаўку арэнды водных аб’ектаў у памеры 223 600 рублёў за гектар у год.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №48 ад 23. 06. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *