За первое полугодие в Шумилинском районе случилось 15 пожаров. Погибло 2 человека

Безопасность

Пажараў  стала  менш,  але  спыняць прафілактычную  работу  нельга
За першае паўгоддзе бягучага года ў раёне адбылося 15 пажараў, у якіх загінулі 2 чалавекі. Пра гэта паведаміў на пасяджэнні камісіі па папярэджанні гібелі людзей ад знешніх прычын начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч.

Калі па пажарах маецца станоўчая дынаміка (у мінулым годзе было 19 пажараў), то гібель людзей застаецца на мінулагоднім узроўні. Сярод прычын пажараў лідзіруе чалавечы фактар – неасцярожнае выкарыстанне агню, электрычнага і газавага абсталявання. Абцяжарвае сітуацыю і п’янства. Прычым часам яно вядзе да гібелі не віноўніка пажару, а тых, хто знаходзіцца побач. Начальнік РАНС расказаў пра прафілактычную работу, якая вядзецца як пажарнымі інспектарамі, так і грамадскімі сіламі. Андрэй Іванавіч звярнуў увагу старшынь аглядавых камісій на неабходнасць абследавання не толькі жылых дамоў, але і гаспадарчых пабудоў, бо менавіта ў лазнях і хлявах адбылася палова ўсіх пажараў.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава звярнула ўвагу на неабходнасць актывізацыі супрацьпажарнай прафілактычнай работы напярэдадні ацяпляльнага сезона, а таксама на абкос расліннасці вакол жылых дамоў, гаспадарчых пабудоў, населеных пунктаў, уздоўж дарог, бо вясной палы сухой травы становяцца прычынай шматлікіх пажараў. Яна запатрабавала ад зацікаўленых службаў выкарыстаць усе меры для абкосу травы як на грамадскіх тэрыторыях, так і на прыватных падворках.
Яшчэ адна праблема – выяўленне і знос аварыйных дрэў каля жылых дамоў, дарог, ліній электраперадач, могілках і ў іншых месцах. Гэтую праблему абвастрыў моцны вецер, які прайшоў 8 жніўня.
Начальнік Шумілінскага раёна газазабеспячэння Міхаіл Ендаураў расказаў пра работу сваёй службы па папярэджанні гібелі людзей сярод асобных катэгорый грамадзян з групы рызыкі. Газавая служба на паўгода вынесла 398 прадпісанняў, з якіх 125 выкананы,  99 карыстальнікаў адключаны ад газазабеспячэння з-за грубых парушэнняў правілаў бяспекі.
Пра прафілактычную работу медыкаў па папярэджанні гібелі людзей ад знешніх прычын (атручванні, ДТЗ, суіцыды, траўмы і іншае) расказаў галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Канстанцін Баканаў.
Старшы інспектар інспекцыі пра-філактыкі і нагляду РАНС Дзмітрый Гушчын прааналізаваў выкананне раней прынятых камісіяй рашэнняў.
Па ўсіх пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні, у якіх вызначаны канкрэтныя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне гібелі людзей.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №66 ад 22. 08.2019 г.