У камандзе Беларусі – Дзяніс Максімаў з Мішневіч

Молодёжь Новости Общество

У  камандзе  Беларусі – Дзяніс  Максімаў  з  Мішневіч
Нядаўна на палігоне Гвардзейскай 40-й ваеннай базы “Атар” адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця конкурсаў “Армейскіх міжнародных гульняў-2019”, якія праводзіліся на тэрыторыі Рэспублікі Казахстан.
У спаборніцтвах ваенных сувязістаў “Упэўнены прыём” бралі ўдзел каманды з Беларусі, Расіі, Казахстана, Кітая і Арменіі. У складзе каманды Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь быў ураджэнец аграгарадка Мішневічы старшы сяржант Дзяніс Максімаў.

Дэбютант армейскіх міжнародных гульняў, ён прадэманстраваў сілу характару, высокі ўзровень ведаў і уменняў, прафесійнае майстэрства. У многім дзякуючы гэтаму наша каманда заняла ганаровае трэцяе месца.
У дзяцінстве Дзяніс, як і многія яго аднагодкі, уяўляў сябе ў ваеннай форме. З узростам жаданне служыць у арміі толькі ўзрасло. “Калі быў прызваны ў рады Узброеных Сіл, я зразумеў, што гэта маё, – кажа Дзяніс. – Тэрміновую службу я праходзіў у 103-й асобай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе. Там канчаткова вырашыў, што сваё далейшае жыццё хачу звязаць з Узброенымі Сіламі. Таму застаўся служыць па кантракце. Спачатку быў на пасадзе радыётэлеграфіста, а пасля прызначылі начальнікам радыёстанцыі”.
Старшы сяржант Дзяніс Максімаў упершыню ўдзельнічаў у падобным маштабным міжнародным мерапрыемстве. Нягледзячы на хваляванне, паспяхова справіўся з усімі выклікамі на спаборніцкім шляху.
– Хваляваўся, але разумеў, што галоўнае – сабрацца  і паказаць свой лепшы вынік, – кажа Дзяніс. – Кожны этап конкурсу быў складаным па-свойму. Асабліва “Начны спрынт”, у ходзе якога трэба было выканаць задачы на складанай і невядомай нам мясцовасці. Накладваў свой адбітак і клімат – у Казахстане ён адрозніваецца  ад нашага. Тэмпература часта трымалася  больш за плюс 40 градусаў.
Хлопцам прыйшлося выкласціся па максімуму – без гэтага ж не дасягнуць высокага выніку. Віншуем нашых прызёраў з запаветнай бронзай. Не сумняваемся, што наперадзе іх чакае яшчэ нямала ўзнагарод.
Таццяна ГРЫГАРАН.
Надрукавана ў №68 ад 30.08.2019 г.