Цветы около многоквартирных домов сажать надо тоже по правилам

Общество

Пра ружы ля дома і калючкі ў сэрцы
Люблю кветкі, хаця сам не вырошчваю. Гэтым займаецца жонка, і я бачу, колькі часу аднімае гэты клопат, колькі цеплыні аддае яна працы, як стараецца захаваць зімовымі маразамі клубні, карэнне і прыдбаць новыя.   І калі бачыш, як адкрываецца мора прыгажосці, калі то там, то тут буянне красак — радуешся. Непараўнальна больш радасці на твары самой гаспадыні, у яе, хто стварае гэты дзівосны, гэты казачны свет, хто зачароўвае плёнам рук сваіх!..
Навошта адвёў гэтулькі месца лірыцы? А вось паслухайце. Ішоў неяк па  вуліцы Ленінскай у Шуміліне і пачуў, як дзве жанчыны некага гнеўна бічуюць. Папрасілі мяне як журналіста іх выслухаць. Л. У. Журава, якая жыве па гэтай вуліцы ў доме № 16, даўно вырошчвае кветкі. Шмат кветак. І на дачы, і побач са шматкватэрным домам, у якім жыве. Але, зімой, – расказала жанчына, – бульдозер камунгасу разам са снегам ссунуў і дэкаратыўныя расліны.
Жанчыне шкада. Яна купляе на рынку дарагія ружы, лілеі, хрызантэмы, нарцысы, гартэнзіі, а бязлітасны нож бульдозера знішчае і нявечыць!
Не менш абуральна гаварыла  пра такія “акцыі” камунальнікаў яе калега па кветкаваму цэху Л. М. Жураўлёва, якая жыве па вуліцы Юбілейнай.
Хацелася, аднак, паслухаць і процілеглы бок, пачуць каментарый   самога майстра А. Г. Шаршуна. Аляксей Георгіевіч даводзіць: гаварыў ён Л. У. Журавай, каб не высаджвала кветкі на так званай тэхналагічнай паласе (паласа ад падмурка на адлегласці 3 метры). А зімой збівалі ледзяшы з вальмавага даху дома, гурбы спрасаванага снегу, і каб заехаць на трактары, вымушаны былі расчышчаць пляцоўку. Кветкі пад нож і трапілі. Майстар папярэджвае: не трэба самадзейнасці, няхай будзе вакол шматкватэрнага дома акуратны газончык…
Ну, хто пярэчыць супраць акуратнага газона? Але ў такім разе трэба было далікатна, абыходліва растлумачыць людзям, нават папярэдзіць пісьмова з тым, каб не было непаразуменняў. Тым больш, што пад вокнамі гэтых дамоў людзі садзяць кветкі добры дзесятак гадоў. А гэты наезд бульдозера пакінуў  у сэрцы жанчыны боль, пакінуў, вобразна кажучы,  калючкі ад тых ружаў, якія бязлітасна знявечыў нож бульдозера.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №30 ад 13.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *