В городском парке Шумилино прошел праздник «До свидания, лето!»

Актуалии Бяспека Культура Новости Общество

І  адпачылі,  і  ўспомнілі  пра  бяспеку
У мінулую суботу, напярэдадні новага навучальнага года, для дзяцей у гарадскім парку было арганізавана сапраўднае свята пад назвай “Да пабачэння, лета!”
Работнікі раённага цэнтра культуры правялі цікавую гульнявую праграму, у якой з задавальненнем бралі ўдзел хлопчыкі і дзяўчынкі, былі арганізаваны розныя спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы, усе жадаючыя маглі пагуляць у лазартаг, запусціць паветранага змея, завітаць у майстэрню “Ачумелыя ручкі”, паглядзець майстар-клас па выпілоўванні “Чароўныя ўзоры”.
Адначасова, ў рамках прафілактычнай акцыі “Адзіны дзень бяспекі”, якая праходзіць з 1 па 10 верасня, у парку былі арганізаваны мерапрыемствы па бяспецы жыццядзейнасці. Пра акцыю, яе мэты і задачы ўсім прысутным расказаў інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння  з грамадскасцю РАНС Вадзім Півавараў.
Самай мнагалюднай у гэты дзень была пляцоўка дзяржаўтаінспекцыі, работнікі якой у рамках спецыяльнага комплекснага мерапрыемства праводзілі адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам “Бяспечная дарога ў школу – задача дарослых!”  Інспектары ДПС нагадвалі бацькам, што напярэдадні новага навучальнага года з дзецьмі трэба паўтарыць правілы дарожнага руху, расказаць, як важна быць уважлівымі на дарогах. Дарослым прапаноўвалі праверыць свае веды і прайсці тэст па правілах дарожнага руху. Многа мерапрыемстваў было арганізавана для дзяцей: дэманстрацыя спецабмундзіравання і тэхнікі (дзеці літаральна “абляпілі” аўтамабіль ДПС), конкурс малюнкаў, гульні. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем удзельнічалі ва ўсіх акцыях. Напрыканцы ўсіх чакалі падарункі – флікеры.
Сваю пляцоўку абсталявалі ў парку работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны прапаноўвалі паўдзельнічаць у конкурсах, гульнях і віктарынах, накіраваных на супрацьпажарную бяспеку, дэманстравалі аварыйна-выратавальнае абсталяванне і тэхніку, дарылі прафілактычныя буклеты і памяткі. Удзельнікаў конкурсаў чакалі прызы.
Нішто так не важна для чалавека, як здароўе – пра гэта нагадалі работнікі райбальніцы. Яны мералі ціск, жадаючых узважвалі. Тым, у каго дадзеныя параметры “зашкальвалі”, прапаноўвалі рэкамендацыі для выхаду з такой сітуацыі. З дзецьмі праводзіліся розныя конкурсы, пераможцаў чакалі салодкія прызы, “таблеткі шчасця”, бадзёрасці і ўдачы. Нельга было не звярнуць увагу на “Сцежку здароўя” і акцыю “Скажы курэнню – не!”, якія арганізавалі работнікі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Яны заклікалі да здаровага ладу жыцця, а ўзамен за кінутую цыгарэту частавалі смачнымі яблыкамі.
Закончылася свята вясёлай дыскатэкай “Фарбы-Холі”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №69 ад 03.09.2019 г.