Программа «Чистые поля» реализуется в Шумилинском районе

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Меліяратары акультурылі 100 гектараў
У раёне працягваюцца работы па рэалізацыі праграмы “Чыстыя палеткі”. Вялікі ўклад у яе выкананне ўносіць прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Па словах начальніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкама З. Ф. Алюлінай, сёлета работнікі ПМС ачысцілі ад кустоўя амаль сто гектараў. Зараз меліяратары працуюць каля Лоўшы – тут паспелі правесці карчаванне з элементамі меліярацыі на 13,9 гектарах. Вядуцца работы і каля вёскі Рашэтнікі.
На мінулым тыдні мы заспелі спецыялістаў ПМС на палетках УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, што непадалёк ад сырзавода. “Прыдарожная паласа павінна быць чыстай і прыгожай, – гаворыць галоўны інжынер прадпрыемства меліярацыйных сістэм А. М. Лакціёнаў. –  Бачыце, удалечыні зелянеюць азімыя. Механізатары іх сёлета не змаглі пасеяць да самай дарогі, бо перашкаджалі лазнякі. Цяпер мы іх убралі, на наступны год тут будзе прыгожа”.
Назіраем, як аднакаўшовы экскаватар грузіць на прычэп трактара выкарчаванае кустоўе. Чатыры-пяць каўшоў – і прычэп практычна поўны. “Перагружаць нельга, – тлумачыць механізатар Уладзімір Прыгун (на здымку). – Інакш на шляху груз можа разваліцца. Небяспечна”. Уладзімір у меліярацыі не навічок, працаваў яшчэ на старэнькім экскаватары. Як аднаму з лепшых работнікаў прадпрыемства яму нядаўна даверылі новы экскаватар.
Дарэчы, работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм працуюць не толькі на тэрыторыі нашага раёна, але і дапамагаюць суседняму – Віцебскаму. “Усяго сёлета па праграме “Чыстыя палеткі” выканалі работ на 408 мільёнаў рублёў на тэрыторыі нашага раёна  і на 88 мільёнаў на тэрыторыі Віцебскага”, – падлічыла начальнік планава–вытворчага аддзела прадпрыемства меліярацыйных сістэм В. С. Кавалёва.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №88 ад 15.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *