Криминал. Происшествия

Происшествия

Забойства ў Ляжнях
На полі непадалёк ад фермы Ляжні знайшлі мёртвага жыхара вёскі Беразніца. У ходзе судова-медыцынскага абследавання было ўстаноўлена, што смерць наступіла ад цяжкіх цялесных пашкоджанняў, закрытай чэрапна-мазгавой траўмы. Як высветлілі следчыя, пабіў пацярпелага жыхар вёскі Ляжні. У ходзе сваркі  ён наўмысна нанёс некалькі ўдараў па целу і твары.
Згодна з арт.147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці па неасцярожнасці” супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Тэлевізар
Пацярпела жыхарка г. Віцебска, якая мае дачны дом у вёсцы Грышаны. Злодзеі разбілі аконнае шкло і прабраліся ў пакой. Знік тэлевізар, садовы секатар, кухонны посуд. Злачынцы вышукваюцца.
Стартэр
З памяшкання піларамы, якое размешчана ў вёсцы Зарака (ААТ “Ляжні”) прапаў стартэр ад электрарухавіка. Каб яго ўкрасці, злодзеі ўзламалі на пілараме дзверы. Па дадзенаму крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.
Склад
Кладаўшчык ДРБУ-204  паведаміў у міліцыю, што склад прадпрыемства абрабавалі. Кладаўшчык не далічыўся на складзе спецадзення на суму больш як семсот тысяч рублёў.  Як устанавілі міліцыянеры, злодзеі прабраліся на склад шляхам падбору ключоў. Рабаўнікі вышукваюцца.
Балон
У жыхара райцэнтра абрабавалі гараж, што знаходзіцца ў вёсцы Мазекі. Прапалі газавы балон і рэдуктар да яго, шлангі і газавыя гарэлкі. Агульны ўрон, нанесены гаспадару, складае 1,4 мільёна рублёў.
Грошы
Жыхарка Полькавіч паведаміла ў РАУС, што ў яе дом праз акно праніклі злодзеі. З пакоя зніклі грошы – паўтара мільёна беларускіх рублёў і 200 долараў ЗША. Па дадзенаму крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.
Міна
У раённы аддзел унутраных спраў патэлефанаваў жыхар Мікалаёва: калі перакопваў агарод, знайшоў там міну. Сапёры, што прыехалі з Віцебска, устанавілі, што міна ляжыць тут з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Міна абясшкоджана і знішчана.
Бульба
У хлеўчуку пабывалі злодзеі. Гэта жыхарка з Добрына заўважыла раніцай. Прапала сорак кілаграмаў бульбы і пяць курэй. Урон, нанесены гаспадыні, складае каля трохсот тысяч рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Тэлевізар
У РАУС звярнуўся  жыхар Мікіціхі – з ягонай кватэры прапаў тэлевізар “Віцязь”. Па гарачых слядах устаноўлена, што ў чужой кватэры пабываў мясцовы непрацуючы жыхар. Але ён сам з павіннай прыйшоў ў міліцыю, каяўся ў здзейсненым. Улічваючы чыстасардэчнае прызнанне мужчыны і тое, што ён вярнуў тэлевізар пацярпеламу, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена.
Надрукавана ў №90 ад 22.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *