Веласіпедыст наехаў на пешахода

Происшествия

Веласіпедыст наехаў на пешахода
Нядаўна ў райаддзел паступіла паведамленне з ЦРБ, што пенсіянерка звярнулася за дапамогай, бо атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні. Да пацярпелай адразу выехалі следчыя РАСК, якія ўстанавілі, што жанчына атрымала пералом левай косткі пляча з-за наезду на яе веласіпедыста.

– У практыцы следчых аддзела яшчэ не было такога, каб ўзбуджалася крымінальная справа па факце наезду веласіпедыста на пешахода, – заўважыў старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віктар Казлоўскі. – Асноўныя патрабаванні да ўдзельнікаў дарожнага руху – выкананне правілаў дарожнага руху, уважлівасць, ўзаемапавага. Як пры выкананні гэтых умоў можна было наехаць на пешахода?
Па факце нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў была ўзбуджана крымінальная справа. Дарэчы, санкцыі па дадзеным артыкуле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжваюць пазбаўленне волі да двух год. Зараз праводзіцца расследаванне.  «Здарэнне адбылося на тратуары па вуліцы Юбілейнай.  Высветлена асоба веласіпедыста, – адзначае  Віктар Казлоўскі. – Устаноўлена, што ў час язды на веласіпедзе 34-гадовы мужчына размаўляў па тэлефоне. Падчас здарэння міма праходзіла маладая пара. Просім іх як сведак прыйсці ў аддзел Следчага камітэта і расказаць пра тое, што бачылі».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №85 ад 29.10.2019 г.