Юные шумилинские волейболистки стали чемпионами области

Актуалии Молодёжь Новости Спорт, туризм

Першыя ў  вобласці
Каманда Шумілінскай СДЮШАР выйграла першынство Віцебскай вобласці па валейболе сярод дзяўчат 2005-2006 года нараджэння. Чэмпіёнамі вобласці шумілінскія валейбалісткі сталі ўпершыню за 25 год.

Выдатна паказалі сябе на спаборніцтвах асноўныя ігракі каманды: Кацярына Асташонак, Марыя Кралько, Наталля Казьміна,  Кацярына Вінаградава,  Аксана Быстрова, Анастасія Бабарэка,  Аксана Навіцкая (трэнер Людміла Харкавец). У любы момант гатовы былі выйсці на пляцоўку  і дзяўчаты з бліжэйшага рэзерву  каманды  – Кацярына Раманава і Ганна Карнякова,  Вікторыя Асташонак, Святлана Тарасава і Яна Ярыга, якія займаюцца ў Любові Бабовай і  Юрыя Пальвінскага.
Нашы зямлячкі ўпэўнена перамаглі каманды «Віцебск-2», «Ві-цебск-1», «Наваполацк» і «Міёры».  А ў фінале сустрэліся з бешанковіцкімі валейбалісткамі.  Пасля першай партыі, якую прайгралі, трэнер Людміла Харкавец спакойна і патрабавальна  звярнулася да каманды: «Ну што, прачнуліся?  А цяпер пачалі гуляць!». І дзяўчаты пачулі трэнера, паказаўшы адну з лепшых сваіх гульняў: падачы і прыёмы былі практычна ўзорнымі, атрымліваліся непрабіўныя блокі і цікавая камбінацыйная гульня. Як вынік – перамога ў фінале і званне чэмпіёнаў вобласці.
– Пачалі падрыхтоўку  да першынства год назад, калі дырэктар спартыўнай школы  А. В. Асташонак даў «зялёнае святло» для нашага ўдзелу ў рэспубліканскай валейбольнай дзіцячай лізе. Вельмі дапамог і  дамашні турнір, на якім перад першынством мы не толькі праверылі свае сілы, а і змаглі разбудзіць сапраўдны камандны дух пераможцы, – адзначыла Людміла Харкавец.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №86 ад 01.11.2019 г.