Клуб “Юный олимпиец” создан в Никитихинской СШ

Образование Спорт, туризм

Юные олимпийцы из Никитихи

“Юны алімпіец”
Беларусь – спартыўная краіна, беларускія спартсмены годна выступаюць на спартыўных спаборніцтвах Еўропы, на Алімпійскіх гульнях.  Наша дзяржава ўсяляк падтрымлівае таленавітых спартсменаў. Але жыццё патрабуе новых форм работы з дзецьмі. У гэтым накірунку шмат крэатыўных ідэй прапаноўвае Нацыянальны алімпійскі камітэт.
Адзін з накірункаў – стварэнне ў школах клубаў “Юны алімпіец”, асноўнай задачай якога з’яўляецца папулярызацыя алімпійскага руху сярод моладзі, больш актыўнае далучэнне дзяцей да здаровага ладу жыцця і актыўнага адпачынку.
На сённяшні дзень у вобласці створаны 20 клубаў “Юны алімпіец”. Радуе той факт, што сярод гэтых дваццаці ёсць і клуб нашага раёна.
“Па восені быў зарэгістраваны спартыўны клуб “Юны алімпіец” у Мікіціхінскай СШ, — расказвае галоўны спецыяліст раённага аддзела адукацыі К. Д. Галуза. — Можна сказаць, што гэта толькі першыя крокі. Падобныя клубы будуць створаны і ў  іншых школах раёна”.
“Мы пачалі работу па стварэнні клуба з упэўненасцю, што гэта прынясе плён вучням, — дзеліцца дырэктар Мікіціхінскай СШ В. М. Асташонак. — Сёння важна працаваць нефармальна. Жывую работу вучні адчуваюць. Таму ў школе падтрымка з боку адміністрацыі “Юнаму алімпійцу” забяспечана”.
У кастрычніку ў школе прайшло сапраўднае спартыўнае свята, на якім афіцыйна быў адкрыты клуб “Юны алімпіец”. На фэсце прысутнічала вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Віцебскай вобласці В. А. Обухава.
На восеньскіх канікулах клуб атрымаў запрашэнне ўдзельнічаць у адборачных занальных спаборніцтвах абласной спартакіяды “Алімпійскія канікулы сярод клубаў “Юны алімпіец”.
“Мы трапілі ў даволі моцную групу з віцебскімі клубамі, — адзначае настаўнік фізкультуры школы А. Я. Асташонак, — змаглі заняць другое месца і выйсці ў фінал, які пройдзе на зімовых канікулах”.
— Вельмі цікавыя былі спаборніцтвы, — успамінае юны алімпіец Уладзіслаў Васілеўскі, – з высокім узроўнем, выдатнай  арганізацыяй. Уразілі паказальныя выступленні каратыстаў і гімнастаў.
А  Дар’я Лісава з гонарам адзначыла, што на спаборніцтвах паспела ўзяць аўтограф у алімпійскага чэмпіёна па боксе Вячаслава Яноўскага…
Удзел ў спартакіядзе стаў для многіх вучняў новым штуршком для больш актыўных заняткаў спортам,  кожнаму захацелася больш годна выступаць і атрымліваць новыя перамогі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №91 ад 25.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *