Доска почёта Шумилинского района: Андрей Семёнов

Актуалии Молодёжь Сельское хозяйство Экономика

У  адказе  за  тэхніку   гаспадаркі
Ён можа злёгку назваць заводскую маркіроўку дэталі ці агрэгата і пастаўшчыкоў, падрабязна ахарактарызаваць кожны трактар ці аўтамабіль айчыннай ці замежнай вытворчасці. Увогуле тэхніка – яго жыццё, бо працуе Андрэй Віктаравіч Сямёнаў галоўным інжынерам СФГ «Раднік».  І працуе, па ўсім бачна,  добра. Кіраўніцтва гаспадаркі хваліць спецыяліста за працавітасць, граматнасць, мабільнасць, шчырыя адносіны з людзьмі, уменне вырашаць розныя тэхнічныя праблемы. Менавіта за гэта калектыў гаспадаркі прапанаваў прозвішча Андрэя Сямёнава на раённую Дошку гонару.
З галоўным інжынерам «Радніка» сустрэліся на ягоным рабочым месцы – мехдвары. Пасля ранішняй планёркі  механізатары атрымалі заданне і раз’язджаліся ўздымаць зябліва, вывозіць гной на палеткі, падвозіць кармы да фермаў. У лістападзе таксама напружаны час, кажа Андрэй Сямёнаў, бо, акрамя звыклых восеньскіх работ, трэба яшчэ і тэхніку рамантаваць да будучай пасяўной.
Андрэй Сямёнаў – адзін з маладых інжынераў сельгаспрадпрыемстваў Шуміліншчыны. Ён родам з Гарадоцкага раёна, закончыў мясцовы каледж, а потым вывучыўся на інжынера ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Па размеркаванні разам з жонкай трапіў на адпрацоўку ў КУСГП «Ульскі»,  амаль пяць гадоў узначальвае інжынерную службу ў СФГ “Раднік”. Ён галоўны на мехдвары. Працуе і за інжынера, адказвае і за тэхніку бяспекі, з’яўляецца адначасова і маркетолагам, і таваразнаўцам. Трэба адпраўляць машыны ў рэйс? Зламаўся трактар? Знянацку прыехала праверка пажарных ці энергетыкаў?
– Андрэй Віктаравіч! – нехта гучна клічыць галоўнага інжынера, які “разрульвае” ўсе гэтыя і многія іншыя пытанні.
У Андрэя Сямёнава не вельмі багатая “гаспадарка”: на машынным двары налічыцца каля двух дзясяткаў трактароў, 3 камбайны, 6 грузавых машын, 5 легкавых.
Вядома, ёсць неабходныя прычапныя агрэгаты і глебаапрацоўчыя. У жнівеньскі прыпар ці  падчас пасяўной гаспадарка не можа дазволіць сабе такой раскошы, каб палова тэхнікі была на рамонце, інакш працаваць не будзе на чым. Таму галоўны інжынер стараецца арганізаваць работу так, каб тэхніка рамантавалася адразу, як толькі з’явіліся непаладкі. Таму асноўныя запчасткі купляюць загадзя, каб былі ў запасе. «У нас надзейны касцяк механізатараў, многія працуюць у гаспадарцы ўсё жыццё, – кажа Андрэй Сямёнаў. – Стараемся не траціць грошы на рамонт рухавікоў, чаруем над імі самі. За пяць апошніх гадоў ніводны рухавік не здавалі на маторарамонты завод, і гэта заслуга нашых механізатараў і вадзіцеляў. Сярод вопытных – Валерый Шэдзько, Анатоль Карнякоў, Уладзімір Аглушэвіч і многія іншыя».
Правай рукой галоўнага інжынера з’яўляецца загадчык майстэрні Віктар Буеў, інжынер-электрык Юрый Прыгожы, загадчыца склада Людміла Петухова.  Яны разам з Андрэем Сямёнавым адказныя за тое, каб тэхніка своечасова рамантавалася і выязджала на палеткі.
Пасля нашай размовы Андрэй Сямёнаў заспяшаўся  ў свой кабінет: трэба яшчэ сабраць звесткі пра недастаючыя дэталі, заказаць іх, трымаць на кантролі аплату рахункаў, арганізаваць дастаўку. Ды ці мала яшчэ які праблемы падкіне жыццё галоўнаму інжынеру?
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №91 ад 22.11.2019 г.