Вы можете подсказать темы и направления развития Шумилинского района

Актуалии Новости

Давайце вашы прапановы

На нядаўняй сустрэчы ў рэдакцыі старшыня Шумілінскага райвыканкама Віктар Гутараў звярнуўся да жыхароў раёна з просьбай падказваць тэмы, праблемы і накірункі, якія трэба рашаць і развіваць у рэгіёне. Просьба была выказана не толькі ў сувязі з тым, што Шуміліна ў 2021 годзе абрана месцам правядзення абласных «Дажынак», але і са стратэгіяй развіцця нашага краю. Рэдакцыя чакае вашы прапановы і падказкі. Пішыце, званіце, мы надрукуем.


Віктар Улюценка: «Трэба думаць пра экалогію»
Сярод першых на заклік адгукнуўся ўрач і пісьменнік Віктар Улюценка. Як ураджэнец Шуміліна і апантаны краязнаўца, Віктар Васільевіч выношвае свае мары па развіцці нашага гарадка, якімі ён дзеліцца з чытачамі раённай газеты.
1. Стварэнне лесапарку ў раёне ПМК-70 – ад воданапорнай вежы да Рабушкоўскіх могілак. Віктар Васільевіч прапануе ўбраць на гэтай плошчы кустоўе і чарналессе і пасадзіць там сосны, бярозы, ліпы і клёны. Як урач, які назірае павелічэнне ў жыхароў Шуміліна бранхіяльных захворванняў, ён лічыць, што зялёныя лёгкія нашаму гораду проста неабходныя. Відавочна, што міжнародная траса Р-20, якая праходзіць праз горад, з кожным годам будзе браць на сябе ўсё большую нагрузку, і лесапарк шумілінцам патрэбны, каб не задыхнуцца ад аўтамабільных выхлапаў. Наглядна экалагічную праблему дэманструюць таполі, што растуць ўздоўж трасы на ўездзе ў раённы цэнтр, – ужо ў чэрвені ад загазаванасці з іх злятае чорнае лісце, і дрэвы стаяць голыя.
2. Стварэнне дрэнажнай каналізацыі. «У нас па вуліцы 70 год БССР, каля дома №4 і суседніх, пасля дажджу стаіць цэлае возера, ад якога сырасць на першых паверхах і іншыя непрыемнасці, – кажа Віктар Улюценка. – Дык вось, я памятаю, як і дзе ў Шуміліне была ўладкавана дрэнажная каналізацыя для адвядзення ад дамоў і хуткага сцёку паверхневых вод. Нічога складанага, была створана сістэма канаў, у тым ліку і каля трасы, адзін раз у два гады траншэі чысцілі трактарамі. І ўсё працавала».
3. Адрадзіць раённую базу адпачынку. Нічога не трэба вынаходзіць новае, лічыць Віктар Улюценка, у раёне была цудоўная база адпачынку ў Лескавічах, і яна была запатрабаванай і любімай жыхарамі раёна. Людзі з задавальненнем ехалі і ішлі ў Лескавічы на маёўкі і іншыя святы. Зараз тэрыторыя запушчана. Шкада. А калі б увесь схіл да возера ачысціць ад хмызу, падсыпаць, зрабіць прыгожы з прыступкамі сход, ды яшчэ б сядзібу Хлюдзінскага задзейнічаць, напрыклад, пад лодачную станцыю, нам бы ўсе раёны зайздросцілі і ехалі б сюды адпачываць. Такую мару даўно выношвае і перыядычна агучвае пісьменнік. Ёсць і іншыя мары.
4. «Як краязнаўца мару, каб у Шуміліне быў прыстойны музей, – дзеліцца Віктар Васільевіч, – плошчы існуючага не дазваляюць арганізаваць работу на сучасным узроўні, аднавіць і расшырыць экспазіцыі, паказаць багацце напрацаванага музейнымі работнікамі матэрыялу».
5. Яшчэ адно пытанне па назвах – вуліц, прадпрыемстваў, аб’ектаў. В. В. Улюценка перакананы, што перш чым даць назву, трэба добра падумаць: як гэта адзавецца праз дзесяцігоддзі, як будзе глядзецца ў вачах замежных гасцей. Так, праязджаў нядаўна праз Шуміліна дальнабойшчык (родам з Данецка з шахцёрскай сям’і) і жахнуўся ад назвы кафэ «Метан». Чаму? А таму што для шахцёра метан у шахце – гэта смерць. Есці ў кафэ ён не захацеў.
Прапановы запісала Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №97 ад 13.12.2019 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *