В Шумилино детям подарили рождественский праздник

Общество

Феерверк дзіцячых усмешак
Калі яшчэ здарацца цудам, як не на Каляды? Толькі вельмі важна, каб знайшліся добрыя, чулыя, неабыякавыя дарослыя, гатовыя падзяліцца цеплынёй сваіх сэрцаў з дзеткамі. Тады можа атрымацца такое светлае, шчырае свята, якое прайшло 7 студзеня ў СШ № 1. Амаль 30 хлопчыкаў і дзяўчынак з апякунскіх сем’яў, прытулка сацыяльна-педагагічнага цэнтра, дзіцячага дома сямейнага тыпу атрымалі ў гэты дзень падарункі і безліч станоўчых уражанняў.

– Калі мы задумвалі свята, то вельмі спадзяваліся на дапамогу нераўнадушных людзей, і такіх аказалася вельмі шмат, – прызналася адзін з арганізатараў мерапрыемства індывідуальны прадпрымальнік Святлана Сталярова. – Мне здаецца, у нас усё атрымалася. Галоўны крытэрый – феерверк дзіцячых усмешак, іх шчаслівыя вочы. Дзеля гэтага ўсё і задумвалася.
Акрамя канцэртнай праграмы ўдзельнікам прапанавалі цікавыя майстар-класы, латарэі, шматлікія конкурсы. Дзяўчынкі з задавальненнем плялі сабе мудрагелістыя коскі, а на аквагрым, які рабіла Анастасія Малашонак, прафсаюзны лідар лясгаса, чарга не заканчвалася да самага вечара.
– Хіба магчыма дзіцячае свята без цукерак і падарункаў, – кажа ідэйны натхняльнік мерапрыемства Вольга Коцікава. – Мы вельмі ўдзячныя Аляксандру Казлоўскаму, Дзмітрыю Карасю, Віалеце Чаплінскай і Таццяне Зубаравай, Дар’і Сіняковай і іншым індывідуальным прадпрымальнікам, якія выступілі спонсарамі свята.
Дарэчы, Вольга Коцікава не толькі вырашала шматлікія арганізацыйныя пытанні, але і выходзіла на сцэну ў якасці артыста. Прадстаўленне атрымалася не толькі яркае і вясёлае, але і пазнавальнае. Пробашч парафіі Маці Божай Фацімскай Анджэй Юхневіч разам з валанцёрамі раскрыў дзецям таямніцу нараджэння Ісуса Хрыста, запрасіў кожнага паўдзельнічаць у дзеі на сцэне.
А наогул, усяго было. Воўк скраў маленькую прыгажуню, а дзеці дапамагалі яе выратаваць. Сваімі выступленнямі гасцей радавалі ўдзельнікі танцавальнага калектыву “Вясёлка”, аб’яднання па інтарэсах вавінам в’ет во дао (РЦДМ), баянны аркестр дзіцячай школы мастацтваў і іншыя.
– Вельмі хочацца падзякаваць усім, хто дапамог стварыць дзецям свята, – кажа Святлана Сталярова. – Гэта і Людміла Дубоўская, Яўгенія Языкова, Анастасія Намеснікава, студыя святаў “Улыбакі Corporation” і іншыя. Больш за 30 падарункаў для дзяцей набылі бацькі ўдзельнікаў аб’яднання па інтарэсах вавінам в’ет во дао разам з яго кіраўніком Святланай Бараноўскай.
Завяршылася мерапрыемства салодкімі пачастункамі і шоу мыльных пузыроў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №2 ад 10.01.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *