Восточное боевое искусство прижилось в Шумилино, благодаря Светлане Барановской

Спорт, туризм

Перамагчы сябе і свае слабасці
Шосты год у раённым цэнтры дзяцей і моладзі працуе аб’яднанне па інтарэсах «Асновы ўсходніх адзінаборстваў: вавінам в’ет во дао», нязменным кіраўніком якога з’яўляецца Святлана Бараноўская.

Святлана Бараноўская з Багданам Ушалам на чэмпіянаце Еўропы.

Пачынала працаваць Святлана Віктараўна з дзвюма групамі, якія наведвала каля 20 дзяцей. Сёння ж тут налічваецца 6 груп – як дзіцячыя, так і дарослая.
Важную ролю ў прапагандзе новага для Шуміліна віду спорту адыграла і тое, што Святлана Бараноўская на той час сама паспяхова выступала на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Яна майстар спорту, шматразовая чэмпіёнка Беларусі, чэмпіёнка Еўропы і шматразовая прызёрка чэмпіянату свету.
«Пасля кожных маіх міжнародных стартаў дзеці разглядалі медалі, кубкі, дыпломы, цікавіліся краінамі, дзе праходзілі спаборніцтвы, – расказвае Святлана. – Часта было чуваць ад іх: “Як бы нам такога ўзроўню дасягнуць?”. А мой адказ, што трэба яшчэ больш трэніравацца, станавіўся для іх добрым стымулам».

Як усё пачыналася
Адным з першых прыйшоў да Святланы Бараноўскай Багдан Ушал, які летась стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы сярод дзяцей і падлеткаў.
– Найперш мяне зацікавіла экзотыка, – успамінае Багдан. – Ні я, ні мае бацькі не ведалі, што такое вавінам в’ет во дао. Праз месяцы два ўзялі ўдзел у турніры. Пазней было і першае прызавое месца.
У той першы набор прыйшлі толькі хлопчыкі. Сёння ўсходнімі адзінаборствамі займаецца 10 дзяўчат, самай малодшай толькі 5 гадоў. Лізавета Шаракова – неаднаразовая чэмпіёнка Беларусі, добрыя вынікі дэманструе і зусім юная Ульяна Багдановіч.
Святлана Бараноўская зрабіла стаўку на цеснае супрацоўніцтва з бацькамі дзяцей. Напачатку былі экскурсіі. А ў канцы навучальнага года арганізавалі турысцкі паход для дзяцей і бацькоў. Адным з першых ідэю падтрымаў Вадзім Сімановіч, які з сынам Захарам стаў памочнікам у арганізацыі паходаў. Сумесныя гульні і турысцкія выпрабаванні сталі для дзяцей сапраўднай падзеяй.

Ад вавінам да грэплінга
Вавінам в’ет во дао, як любое ўсходняе адзінаборства, – гэта філасофія, у якой важна, каб чалавек крок за крокам усебакова развіваўся, пераадольваў слабасці. Па гэтай прычыне Святлана «не зацыклівае» сваіх выхаванцаў, асабліва ў першыя гады трэніровак, толькі на вавінам в’ет во дао.
З самага пачатку дзеці выступаюць у спаборніцтвах па ўшу, які падобны на вавінам. Сама Святлана Бараноўская – двухразовы чэмпіён Беларусі па ўшу. Яна падкрэслівае: «Зразумела, што спецыфіка і тэхніка розныя. Але важна, каб малады спартсмен мог перабудавацца на новы для сябе від спорту, адчуць яго. І пераадолець свае слабасці. З гэтага фарміруецца характар». Практычна кожны, хто сур’ёзна займаецца ў Святланы Бараноўскай, быў пераможцам спаборніцтваў па ўшу.
Папулярны ў Беларусі кікбоксінг. На спаборніцтвах па гэтым відзе спорту таксама заўважаны і выхаванцы Святланы. Багдан Ушал, Станіслаў Шпулёў, Дзяніс Глушакоў, Павел Талпегін, Антон Малахаў і іншыя – сур’ёзныя сапернікі на спаборніцтвах, у іх скарбонках ёсць перамогі.
Напрыканцы мінулага года выхаванцы Святланы Бараноўскай ўдзельнічалі ў турніры па грэплінгу ў Польшчы (грэплінг – від спартыўнага адзінаборства, які сумяшчае ў сабе тэхніку ўсіх барцоўскіх дысцыплін). З найлепшага боку на спаборніцтвах паказалі сябе Артур Гарбачоў, Аляксандра Краўчанка, Ганна Праліч і Максім Жыгуноў.

Сумесныя заняткі дарослых і дзяцей.

На старт, дарослыя!
У канцы мінулага навучальнага года Святлана Бараноўская правяла тры майстар-класы, у якіх удзельнічалі дзеці і іх бацькі.
– Бацькі адразу адгукнуліся на маю прапанову, – успамінае трэнер. – Знайшліся і спартыўная форма, і кеды. Менавіта пасля майстар-класаў і задумалася пра адкрыццё групы для дарослых.
З верасня мінулага года такая група запрацавала ў РЦДіМ. Зараз яе наведваюць не толькі бацькі дзяцей, якія займаюцца ў Святланы Бараноўскай, а і проста аматары актыўнага ладу жыцця. «Да Святланы Віктараўны ходзіць мой сын. Калі забірала яго з трэніровак, бачыла працэс, – расказвае Крысціна Круглікава. – Як толькі з’явілася група для дарослых, адразу запісалася. Цікавыя трэніроўкі, адрэналін і цудоўны настрой. І ўжо сёння я не магу ўявіць сябе без заняткаў у спартыўнай зале».
Дарослыя збіраюцца тройчы на тыдзень, пачынаюцца заняткі з гульнявой размінкі, затым ідзе адпрацоўка навыкаў і парныя практыкаванні. Практыкуе Святлана Бараноўская і сумесныя заняткі са старэйшымі дзецьмі. «Памятаю, як Святлана Віктараўна сказала, што сёння будзе трэніроўка з дарослымі, – расказвае Ліза Шаракова. – Страшна і незвычайна было. Усё-такі тэхнічныя навыкі дарослых жадалі быць лепшымі. Пры рабоце ў парах увесь час прыходзілася сябе стрымліваць. Зараз падцягнулі свае ўменні і ўжо практычна з намі на роўных».
– Хацелася займацца спортам у нейкіх незвычайных умовах, – прызнаўся Аляксандр Казлоўскі, які з восені наведвае заняткі. – І я знайшоў такую групу. Падабаецца ўсё. І размінка. Дзе мне, саракагадоваму мужчыну, можна проста падурачыцца, нібы малому, з мячом? А работа ў парах? Дзе я яшчэ магу супрацьстаяць чэмпіёну Еўропы Станіславу Шпулёву? На занятках і акрабатыкай паспяваем заняцца, і самаабаронай, і адпрацаваць барцоўскія прыёмы, і вывучыць тэхнікі і прыёмы вавінам в’ет во дао. Адным словам, за трэніроўку ад поту дзве майкі мяняю. Але гэта толькі на карысць. Зараз 10 км прабягаю без праблем.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №7 ад 28.01.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *