На заседании Шумилинского райисполкома проанализировали работу с обращениями граждан

Главное Общество Президент

Трэба пачуць кожнага чалавека

Вынікі работы дзяржаўных органаў і арганізацый са зваротамі грамадзян, а таксама работы аддзела загса за мінулы год былі разгледжаны на чарговым пасяджэнні райвыканкама 24 студзеня.


Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Віктар Гутараў падкрэсліў, што работа са зваротамі грамадзян мае на ўвазе адказнасць улады, што рашэнне пытанняў, якія ставяць грамадзяне, мае прамую сувязь з аўтарытэтам улады. Ёсць сферы, па якіх традыцыйна вялікая колькасць зваротаў – гэта жыллёва-камунальная і дарожная гаспадарка, медыцынскія паслугі, некаторыя іншыя. Гэтым службам трэба працаваць над ліквідацыяй праблем, а лепш працаваць на апярэджванне праблемных пытанняў, падкрэсліў кіраўнік раёна. Звяртаючыся да старшынь сельвыканкамаў, Віктар Гутараў адзначыў, што яны павінны працаваць найперш са старэйшынамі вёсак, вызначаць і вырашаць праблемы сельскіх жыхароў. Сёння кожнага чалавека трэба пачуць, падкрэсліў старшыня райвыканкама.
Аналізуючы работу са зваротамі грамадзян у мінулым годзе, загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Любоў Казаравец адзначыла, што ў райвыканкам, уключаючы яго падраздзяленні, паступіла за год 387 зваротаў, на 27 больш, чым у мінулым годзе. Звароты паступалі ў аддзел унутраных спраў, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзел па адукацыі. Непасрэдна ў райвыканкам паступіла 188 зваротаў. З вышэйстаячых органаў паступіла 19 зваротаў, у тым ліку 7 – з Адміністрацыі Прэзідэнта, 12 – з аблвыканкама.
Найбольшая колькасць зваротаў тычылася жыллёва-камунальнай гаспадаркі і жыллёвага заканадаўства, занятасці, зямельнага заканадаўства, дарожнай гаспадаркі.
У сельвыканкамы паступіла 184 звароты, зніжэнне назіраецца амаль па ўсіх сельвыканкамах. Так, у Дабейскім было толькі 2 звароты, пры гэтым з Дабейскага сельсавета ў райвыканкам паступіла 15 зваротаў, у аблвыканкам – 2. Структура зваротаў па тэмах адпавядае агульнай.
Акрамя гэтага праблемныя пытанні жыццезабеспячэння жыхары раёна ставілі падчас іншых форм работы з насельніцтвам. Так, за 2019 год праведзены 52 «прамыя тэлефонныя лініі», у тым ліку 11 – старшынёй райвыканкама і старшынёй раённага Савета дэпутатаў, на якія паступіла 113 зваротаў. 111 зваротаў паступіла на «гарачую лінію» райвыканкама, 136 пытанняў – у ходзе Дзён работы з насельніцтвам па сельсаветах. Большасць пытанняў вырашаецца аператыўна.
Былі заслуханы справаздачы дырэктара УП ЖКГ Аляксея Шпакава і старшыні Дабейскага сельвыканкама Аляксандра Аляксеенкі.
Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што рост колькасці зваротаў у райвыканкам сведчыць пра неэфектыўную работу са зваротамі ў арганізацыях, пра недавер людзей да таго, што іх пачуюць і дапамогуць.
У рашэнні па гэтым пытанні прапанаваны комплекс мер па арганізацыях раёна і падраздзяленнях райвыканкама, накіраваных на работу па папярэджанні ўзнікаючых праблем, а таксама па вырашэнні пытанняў, якія стаяць на кантролі.
Па другім пытанні парадку дня была заслухана справаздача начальніка аддзела загса райвыканкама Ірыны Кісялевіч. Работа па запісе актаў грамадзянскага стану вядзецца ў аддзеле і 8 сельскіх выканаўчых камітэтах у строгай адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, падкрэсліла дакладчык. За мінулы год выканана 670 запісаў актаў грама-дзянскага стану, з іх 359 – у аддзеле, 311 – у сельвыканкамах. Гэта 169 запісаў аб нараджэнні, 353 – аб смерці, 94 – аб заключэнні шлюбу, 36 – аб устанаўленні бацькоўства, 5 – аб змяненні імя, 10 – аб скасаванні шлюбу, 3 – аб усынаўленні (удачарэнні).
Уносіліся ўдакладненні і змяненні ў запісы на падставе рашэння судоў.
Акрамя гэтага, аддзел загс на падставе 1151 заявы грамадзян аб выкананні адміністрацыйных працэдур выдаў 1222 дакументы. Па запытах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый выдадзена 689 дакументаў у адносінах да 2185 чалавек з архіва аддзела загса. Аддзел супрацоўнічае з адпаведнымі органамі іншых дзяржаў, выдае дакументы па іх запытах (16), накіроўвае запыты ў замежныя дзяржаўныя органы (34).
Аддзел загса аказвае і платныя паслугі па рэгістрацыі шлюбаў, нараджэнняў ва ўрачыстай абстаноўцы, з выкарыстаннем беларускіх абрадаў, выязныя рэгістрацыі.
Важнай задачай аддзела з’яўляецца прапаганда сямейных каштоўнасцяў. У гэтым напрамку аддзел працуе з грамадскімі арганізацыямі (РГА «Белая Русь)»), адзначыла Ірына Іванаўна. Сярод праблемных пытанняў, якія ўплываюць на якасць афармлення дакументаў, рэгістрацыі запісаў грамадзянскага стану, дакладчык назваў недахоп юрыдычнай адукацыі ў кіраўнікоў спраў сельвыканкамаў, якія займаюцца гэтай работай у сельсаветах.
Па разгледжаным пытанні было прынята адпаведнае рашэнне.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №7 ад 28.01.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *