Доска почета Шумилинского района: Роман Карасев

Главное Общество Экономика

Калі ёсць жаданне, усё пад сілу

Прозвішча галоўнага інжынера «Шумілінскай ПМК-70» Рамана Васільевіча Карасёва занесена на раённую Дошку гонару.

З будаўнічай арганізацыяй звязана ўсё працоўнае жыццё Рамана Карасёва. Хаця стасункі з прафесіяй будаўніка склаліся значна раней – яго бацька ўсё жыццё адпрацаваў прарабам-будаўніком у райспажыўтаварыстве. «Несумненна, гэты факт вельмі паўплываў на мой выбар, – расказвае Раман Васільевіч. – Пасля заканчэння школы я дакладна ведаў, што хачу быць будаўніком. Як бацька. Таму і паступіў на інжынера ў Полацкі дзяржуніверсітэт, пасля заканчэння якога пачаў працаваць у “Шумілінскай ПМК-70”».
Раман Карасёў добра памятае свой першы працоўны дзень. Яго накіравалі да майстра Васіля Новікава, які павінен быў «даглядаць» за маладым спецыялістам, на будаўніцтве дамоў у Дабеі. На аб’екце ўсім цікавіўся, спрабаваў разабрацца, усюды залезці, усё паглядзець – а старшы майстар дапамагаў. Праз тры дні Васіль Новікаў далажыў кіраўніцтву ПМК, што Раман Карасёў – талковы майстар, якому можна даверыць аб’ект.
Першым будаўнічым аб’ектам майстра Карасёва стала будаўніцтва дамоў у Вялікіх Ляжнях. Якасць і хуткасць сталі візітнай карткай маладога спецыяліста. Майстрам у ПМК-70 Р. В. Карасёў адпрацаваў 7 год. «Гэта была цудоўная практычная школа, – адзначае мужчына. – Адказнасць за аб’ект, тэрміны яго ўвядзення, правільнае размеркаванне людзей. Тут не можа быць дробязей».
У 2014 годзе дырэктар «Шумілінскай ПМК-70» Аляксей Крыўко прапанаваў пасаду галоўнага інжынера. «Доўгіх ваганняў не было, – прызнаецца Раман Васільевіч. – Тым больш, што Аляксей Юр’евіч сказаў: “Проста паспрабуй, з тваім характарам і вопытам усё павінна атрымацца”». І ў галоўнага інжынера Рамана Карасёва ўсё атрымалася: літаральна некалькі месяцаў спатрэбілася, каб уцягнуцца ў работу. «Калі сказаць коратка, то работа галоўнага інжынера вельмі падобная да працы майстра. Праўда, у іншых аб’ёмах. Калі майстар адказвае за адзін-два аб’екты, то галоўны інжынер – за ўсе, – кажа Р. В. Карасёў. – Зараз, напрыклад у нашай арганізацыі каля васьмі аб’ектаў, якія знаходзяцца ў Шуміліне, Віцебску, Лосвідзе і Ушачах. І гэта няшмат. Бо ўлетку бывае больш за два дзясяткі, і геаграфія значна шырэй». І яшчэ Раман Васільевіч падкрэсліў: важна, што ў яго падабралася моцная і надзейная каманда – гэта 8 майстроў і 2 прарабы.
– Ці можна выдзеліць ваш самы адказны аб’ект? – пацікавіліся ў галоўнага інжынера.
– Усе адказныя, нават  самыя маленькія. Няякасным выкананне нашай работы  не можа быць, – адказаў Раман Васільевіч.
– А самы складаны аб’ект?
– Лёгкага нічога не бывае. І немагчымага нічога няма. Калі ёсць жаданне, усё пад сілу, усё вырашаецца.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №7 ад 28.01.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *