Сапраўдныя WOOD-майстры растуць у Шуміліне

Адукацыя Свет захапленняў

Сапраўдныя WOOD-майстры растуць у Шуміліне

Аб’яднанне па інтарэсах «WOOD Майстар» у Шумілінскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі вядзе Аляксандр Пціцкі. Аляксандр Яўгенавіч ужо дваццаць год працуе з дзецьмі, вучыць іх майстэрству дрэваапрацоўкі, рабоце з цяслярным і сталярным інструментам, і як сам прызнаецца, атрымлівае ад гэтага задавальненне.

Аляксандр Пціцкі задаволены сваім вучнем Кірылам Кузняцовым

На занятках тут шматлюдна, хлопчыкі старанна працавалі над будучымі драўлянымі пано, сувенірамі, скарбонкамі і не таілі сваёй незадаволенасці, калі заняткі прыпыніліся.
Настаўніка цешыць такі інтарэс дзяцей да дрэваапрацоўкі, яшчэ болей ён радуецца, калі гэты інтарэс перарастае ў сапраўднае захапленне. Стараецца ўсяляк падтрымаць такое імкненне, не шкадуе часу, праводзіць дадатковыя індывідуальныя заняткі.
У саюзе, заснаваным на таленце і працы, нараджаюцца выдатныя творы, якія з годнасцю могуць канкурыраваць на самых прэстыжных выставах. І перамагаць.
Так, драўляная скарбонка Кірыла Кузняцова, які ўжо пяць год займаецца ў Аляксандра Пціцкага, на XXIII рэспубліканскай выставе-конкурсе «Калядная зорка» атрымала дыплом І ступені ў намінацыі «Ёлачная цацка». На жаль, сфатаграфаваць выштукаваную скарбонку са скураной аздобай і напоўненую разнымі ёлачнымі цацкамі з дрэва не ўдалося, бо яе пакінулі ў Мінску.
Кірыл Кузняцоў, дарэчы, не першы раз у пераможцах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. І думаецца, у гэтым тандэме вучня і настаўніка народзіцца яшчэ шмат шэдэўраў.

Алег Кляшчонак таксама парадаваў перамогай на абласным конкурсе

Індывідуальна займаецца настаўнік і з Алегам Кляшчонкам, які таксама парадаваў нядаўняй перамогай на абласным конкурсе “Калядныя матывы”.
А ўдзельнікі аб’яднання «WOOD Майстар» разам са сваім кіраўніком ужо ствараюць новыя творы. Толькі што закончылі работу над брандмайстрам з помпавай бочкай, якую адправілі на конкурс “Выратавальнікі вачыма дзяцей”, і ўжо пачалі падрыхтоўку да абласнога конкурсу паветраных змеяў…
Таму і бягуць хлопчыкі (дзяўчынкі яшчэ не ацанілі ўсю непаўторнасць і стопрацэнтную аддачу дрэваапрацоўкі) на заняткі да свайго крэатыўнага настаўніка. Сёння ў Аляксандра Пціцкага займаецца каля 40 чалавек (у трох групах), і з усімі ён гатовы дзяліцца сваёй любоўю да дрэва і таямніцамі работы з ім. Як сапраўдны «WOOD Майстар».
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №9 ад 04.02.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *