Доска почета Шумилинского района: Юрий Кравченко

Главное Общество

У нагу з часам і нават хутчэй

Сярод лепшых работнікаў, чый партрэт занесены на раённую Дошку Гонару – вядучы інжынер Шумілінскага ўчастка электрасувязі РУП “Белтэлекам” Юрый Краўчанка.

«Сапраўды, вельмі заслужаная адзнака работы Юрыя Пятровіча Краўчанкі, – кажа начальнік участка Юрый Маскалькоў. – Кандыдатура была абрана на сходзе калектыва адзінагалосна. І невыпадкова. Прафесіянал-універсал, за плячыма якога 15-гадовы стаж і якога вызначаюць кваліфікаванасць, стараннасць, культурнасць, што для нашай складанай і імклівай галіны вельмі неабходныя і запатрабаваныя якасці. Нагрузка ў вядучага інжынера неймаверная, задачы – напружаныя, у падначаленні 16 чалавек».
Юрый Краўчанка прыйшоў у сувязь у 2005 годзе пасля заканчэння каледжа сувязі звычайным электраманцёрам, праўда, ужо будучы студэнтам-завочнікам вышэйшай навучальнай установы Міністэрства сувязі. Так што практыку прайшоў добрую і ведае работу знутры, ва ўсіх тонкасцях. Не адзін раз пераканаўся ў правільнасці абранай прафесіі. Вырасці прафесійна, да пасады вядучага інжынера, яму дапамаглі зноў тыя ж стараннасць і адказнасць, пра якія гаварыў начальнік, уменне ставіць мэты, бачыць перспектывы, працаваць над сабой. А гэта асабліва цэніцца ў «Белтэлекаме» – службе, якая не толькі крочыць у нагу з часам, але і, укараняючы самыя перадавыя тэхналогіі, апераджае яго.
Сёння на плячах вядучага інжынера, ды і ўсёй раённай службы электрасувязі, найперш абслугоўванне каля 3-х тысяч кабельных ліній, па якіх сувязісты прадстаўляць сучасныя паслугі: тэлефанію, інтэрнэт, інтэрактыўнае тэлебачанне. А абслугоўванне, вядома, прадугледжвае ўтрыманне гэтых ліній, рамонт, мадэрнізацыю, аператыўную ліквідацыю паломак, работу з кліентамі.
Вельмі актыўна вядзецца зараз замена ліній на оптавалаконныя, бо за імі будучыня. Жыхары шматкватэрных дамоў у Шуміліне і Обалі ўжо ацанілі выгоды оптавалакна, бо яно дае карыстальніку неабмежаваныя магчымасці: хуткасць інтэрнэту, якасць тэлефаніі і тэлебачання, іншыя сэрвісы. «У нас стаіць задача забяспечваць якасныя характарыстыкі, – кажа Юрый Пятровіч. – Каб не толькі ў раённым цэнтры, але і ў аддаленых населеных пунктах кожны жыхар меў гарантаваны якасны доступ да сучасных паслуг сувязі. Кліент не павінен доўга чакаць! – па такім прынцыпе працуе «Белтэлекам», таму ўсе заяўкі выконваюцца ў самыя кароткія тэрміны».
Займаецца вядучы інжынер і дакументальна-справаздачнай работай, якая, канешне ж, забірае шмат часу і сіл і нясе, як жартуе Юрый Краўчанка, галаўны боль. Мала правесці работы, трэба яшчэ ўсё гэта аформіць правільна, праверыць і прыняць акты выкананых работ. І з гэтымі абавязкамі Ю. П. Краўчанка спраўляецца своечасова і прафесійна, бо работу сваю ведае дасканала.
У ліку першачарговых задач вядучага інжынера – далейшая мадэрнізацыя тэлефоннай сеткі з пераключэннем на тэхналогію PON юрыдычных асоб у райцэнтры. У прыватнасці, зараз работы вядуцца па Доме Саветаў. Акрамя гэтага, ідуць планавыя работы ў Язвіне і Дабеі, сувязісты рамантуюць старыя лініі і робяць тэхнічнае абслугоўванне.
Партрэт Ю. П. Краўчанкі не будзе закончаным, калі не сказаць, што ён да ўсяго добры сем’янін, надзейны, сур’ёзны і лагодны муж і клапатлівы бацька дваіх дзяцей, які адлучыцца з сям’і можа толькі па адной прычыне – на любімую работу. Ну, яшчэ калі-нікалі ў трэнажорную залу і ў гараж. Хаця і тут супраць нічога не скажаш. Мужчына ўсё ж.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №10 ад о7.02.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *