Снежана Андрукович о профессии следователя мечтала с детства

Молодёжь

Справядлівасць і законнасць – галоўнае

Малады следчы Снежана Андруковіч на службу ў раённы аддзел Следчага камітэта прыйшла нядаўна, крыху больш за тры месяцы. А да гэтага тут была стажыроўка пасля заканчэння юрыдычнага факультэта Полацкага дзяржуніверсітэта. І гэтага часу хапіла маладому спецыялісту, каб зарэкамендаваць сябе граматным і прынцыповым следчым.


– З дзяцінства марыла стаць следчым, – гаворыць Снежана. – Яшчэ ў школе марыла пра пагоны, бо лічыла, ды і зараз так лічу, што іх носяць тыя людзі, для якіх справядлівасць і законнасць – самае галоўнае.
Поўнае ж усведамленне правільнасці выбару прыйшло падчас праходжання практыкі ў Наваполацкім гарадскім аддзеле Следчага камітэта. Ёй давялося пазнаёміцца з сапраўднымі прафесіяналамі ў следчай справе, таму і практыка была надзвычай цікавай, пазнавальнай і вельмі карыснай.
«Зразумела, што ў рабоце следчага важныя дакладнасць, абавязковасць, уменне правільна размеркаваць час, – дзеліцца Снежана. – Інакш нічога не паспееш зрабіць. Наогул, каб стаць сапраўдным следчым, неабходна ўвесь час павышаць свой прафесійны ўзровень».
Упэўненасці маладому следчаму дала стажыроўка. Нюансы работы расказваў і паказваў старшы следчы райаддзела Віктар Казлоўскі, якога прызначылі кіраўніком, усе следчыя бралі з сабой Снежану Андруковіч на выезды. «Вельмі рада, што трапіла на стажыроўку і на першае месца работы ў Шуміліна. Зараз хочацца сказаць кожнаму са следчых дзякуй, – расказвае дзяўчына. – Сама родам з Міёраў. Але пры размеркаванні быў выбар – Расоны, Верхнядзвінск і Шуміліна. Сама папрасілася далей ад дому, каб пачаць сваё дарослае жыццё».
У лістападзе мінулага года Снежана Андруковіч пасля стажыроўкі стала следчым Шумілінскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Першая крымінальная справа, якую яна расследавала, – кра-дзеж працоўнай кніжкі. Па той справе следства працягваецца. Зараз у Снежаны Андруковіч на расследаванні знаходзяцца чатыры крымінальныя справы.
На пытанне, якія якасці патрэбны следчаму, адказала не задумваючыся:
– Хутка думаць, прытрымлівацца прафесійных прынцыпаў, быць стрэсаўстойлівым і абавязкова ветлівым.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №11 ад 11.02.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *