З блакнота Аліны Пятровай «Вечар пятніцы»

Духоўнае

З блакнота Аліны Пятровай «Вечар пятніцы»
Для тых, каго «дастаў» пяцідзённы рабочы тыдзень

Вечар пятніцы зусім не падобны на іншыя вечары – аўторка там, чацвярга ці нават суботы. Вечар пятніцы – ён асаблівы.
Вось выходзіш у пятніцу з работы і адчуваеш: паветра – другое, як бы лягчэй, вышэй, не давіць на плечы. І ты раптам разумееш, што ў цябе ў руках кавалачак свабоды. Маленькі такі, але ж.
Ты нетаропка ідзеш па вуліцы, усміхаешся праплываючым высокім аблокам і раптам адчуваеш, як аднекуль пацягвае дымком кастра. І разумееш, што ты не адзін ведаеш, што такое вечар пятніцы. Ён, гэты пярэдадзень выхадных, нават лепшы за самыя выхадныя. Таму што ён – прадчуванне, фантазія, радасць, вольнасць, як быццам у суботу ты не будзеш круціцца ў будзённых малапрыемных справах, а будзеш увесь дзень катацца на арэлях пад старой яблыняй і ляжаць у гамаку з кніжкай. Ці быццам бы на выхадныя ты раптам тэлепартуешся да Эйфелевай вежы ці на Канары…
Але вечар пятніцы з вышыні сваёй бесклапотнай задумлівасці лічыць за лепшае не задавацца такімі празаічнымі пытаннямі. І ты стараешся расцягнуць яго: запасаешся добрай кнігай, знаходзіш у інтэрнэце не, нават не фільм, а цікавы серыял, каб даўжэй, каб да паўночы. Потым табе здаецца, што для вечара пятніцы гэтага мала, і ты клічаш у госці сяброўку. І яна, таксама перапоўненая маленькай радасцю пятнічнага вечара, адразу адклікаецца. І мы наліваем у высокія бакалы чырвонае «Кіндзмараулі» і гаворым толькі пра лёгкае і прыемнае: пра нечакана цёплыя дні, пра шыфонавую сукенку, якую проста неабходна купіць да вясны, пра тонкае празаічнае палатно Людмілы Уліцкай…
Мы смакуем вечар пятніцы, як быццам бы ён нейкі незвычайны пірог, і мы адломваем па маленькім кавалачку, запіваючы глыткамі грузінскага віна.
Галоўнае – не ўцяжарыць вечар пятніцы гнятлівымі размовамі пра палітыку, пра работу, пра адносіны з мужчынамі, галоўнае – не адпускаць лёгкасць і светлую душэўнасць. І тады вечар пятніцы да краёў напаўняецца радасцю, становіцца аб’ёмным і камерным адначасова.
Мы гаворым, дзелімся ўсялякімі прыемнымі дробязямі і ніяк не хочам адпускаць ад сябе вечар пятніцы.
Потым сяброўка ад’язджае дадому на таксі. А ты яшчэ доўга ляжыш з кніжкай, стараешся яшчэ болей расцягнуць гэты цудоўны вечар, каб вось прама дакрануцца, рукой пагладзіць свой кавалачак свабоды і шчасця.
Апублікавана ў №14 ад 21.02.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *