Чего хотят женщины? Догадаться пробуют мужчины из Шумилино

Главное Общество

Чаго хочуць жанчыны?

Адказаць на гэта пытанне герой Мэла Гібсана ў аднайменнай амерыканскай камедыі не змог, нават атрымаўшы суперздольнасць чытаць жаночыя думкі. Здаецца, ён яшчэ больш заблытаўся.

Жанчыны таксама не збіраюцца раскрываць сваіх сакрэтаў. Ці то каб мужчыны ўсё жыццё імкнуліся разгадаць іх, ці то проста самі не ведаюць, чаго хочуць на самой справе.

Напярэдадні 8 Сакавіка мы вырашылі пацікавіцца ў мужчын раёна, магчыма, яны ведаюць, чаго хочуць жанчыны?

Аляксандр РЭУЦКІ, начальнік каравула РАНС: Упэўнены, што ўсе жанчыны хочуць прыкладна аднаго і таго ж – быць шчаслівымі. Вялікія спадзяванні ў гэтым сэнсе яны, вядома, ускладаюць на мужчын. Ад нас і сапраўды шмат чаго залежыць. Ва ўсялякім разе, якія б важныя задачы мы ні вырашалі на працягу дня, як бы шмат ні працавалі, заўжды можна знайсці час, каб удзяліць увагу блізкім людзям. Жанчыны тонкія, чуйныя, яны па-іншаму ўспрымаюць жыццё. Гэта варта мець на ўвазе, калі разлічваеш на гарманічныя ўзаемаадносіны. Да прыкладу, пра дзень нараджэння, дату вяселля, ну, і вядома, пра 8 Сакавіка забываць нельга. І не важна, што букет, як правіла, удаецца купіць у апошні момант, важна, каб ён быў.

Віктар СКОРЫНАЎ, настаўнік па класе баяна дзіцячай школы мастацтваў: Як было б выдатна, каб жанчыны ўслых і прама гаварылі пра тое, чаго хочуць на самой справе. Жыццё было б намнога прасцей. Ва ўсялякім разе для мужчын. А то ў нейкі момант можа падацца, што дагадзіць ім, наогул, немагчыма. Жанчыны непрадказальныя, загадкавыя, таямнічыя. Іх можна разгадваць усё жыццё, але так і не разгадаць. Але думаю, што дабрыні, увагі, кахання хоча кожная прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва. І надыходзячае 8 Сакавіка – выдатная нагода для мужчын зрабіць так, каб жанчыны, якія знаходзяцца побач, адчувалі сябе шчаслівымі.

Аляксей ЦІМАФЕЕЎ, слесар аварыйна-аднаўленчых работ раёна газазабеспячэння: Магчыма, яны хочуць, каб я для іх праспяваў (смяецца)? Вядома, жанчыны чакаюць свята, асабліва калі наперадзе галоўны іх дзень у годзе. Вы ж з гэтай нагоды задаяце такое рытарычнае пытанне?.. Давайце разбірацца. Жаданні жанчыны ў нейкай ступені вызначае яе статус. Напрыклад, маладыя дзяўчаты больш за ўсё мараць сустрэць сваё каханне, замужнія хочуць шчасця ў сям’і, гармоніі, спакою. Для маці заўжды самае важнае, каб дзеці былі здаровымі і шчаслівымі.

А шумілінскім мужчынам, пакуль ёсць час, хачу параіць загадзя падумаць пра кветкі. Летась я ледзь не застаўся без букета, бо жадаючых ашчаслівіць сваіх жанчын аказалася вельмі шмат, а магазінаў, дзе прадаюцца кветкі, усяго два.

Ягор ЧАРНІЧЭНКА, вучань 7 класа СШ № 1: Жанчыны хочуць кахання, разумення і новыя завушніцы. Яшчэ, магчыма, пярсцёнак ці сукенку. Што-небудзь новае дакладна яны хочуць заўжды. Нават калі зусім нядаўна нешта купілі. Не ведаю, навошта ім столькі вопраткі і ўпрыгожанняў, яны і без таго цудоўныя. Асабліва калі яшчэ і добрыя.

Сяргей ГОМАНАЎ, механізатар УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”: Жанчыны хочуць, каб іх кахалі і выконвалі ўсе жаданні. Тады яны будуць задаволеныя (а, магчыма, і не). Здагадацца, пра што яны падумаюць у наступную хвіліну, немагчыма. Колькі я ні стараўся. Іх тонкая душэўная арганізацыя – проста космас для мужчын. Але мы не адчайваемся, старацца не перастаём. Жыць без жанчын немагчыма.

 

*  *  *

Шчырыя выказванні мужчын, магчыма, і для жанчын стануць нагодай пра нешта задумацца. Жадаем, каб 8 сакавіка было поўнае сюрпрызаў і прыемных нечаканасцяў і для адных, і для другіх.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

Надрукавана ў №18 ад 06.03.2020



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *