«Выломал дверь. Вошёл. Взял самое необходимое…»

Происшествия

Няма свайго, вазьму чужое

Міхаіл (імя зменена па этычных меркаваннях) доўгі час пражываў з жанчынай, у іх нарадзілася чацвёра дзяцей. Толькі вось выхоўваць малых яны не збіраліся: аддалі перавагу нядбайным кампаніям і спіртному. З-за алкаголю не было і пастаяннага месца работы. Чатыры гады таму мужчыну і яго сужыцельку пазбавілі бацькоўскіх правоў.


Зразумела, што як абавязаная асоба Міхаіл вымушаны быў хадзіць працаваць на мясцовую ферму.
З характарыстыкі, выдадзенай па месцы работы: «У працоўным калектыве павагай не карыстаецца. Па характары спакойны, скрытны. У размове часта адходзіць ад прамога адказу, падманвае. На рабоце ініцыятыву не праяўляе, свае абавязкі не хоча выконваць добрасумленна».
Нядаўна паміж сужыцелямі адбылася сварка, пасля якой жанчына выгнала Міхаіла з кватэры. «Фактычна мужчына застаўся без пэўнага месца жыхарства, – расказвае следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Сняжана Андруковіч. – Па месцы работы яму прапанавалі жыллё, але ён адмовіўся. Маўляў, малая заработная плата, і ён не зможа за яго плаціць».
Першы час мужчына жыў дзе прыйдзецца. Пасля «прыгледзеў» пустуючае закінутае жыллё і перабраўся туды. Ніякіх рэчаў для побыту не было. Міхаіл ведаў, што гаспадыня адной з кватэр на доўгі час паехала да сваякоў у горад, вось і вырашыў з ёй «падзяліцца».
З паказанняў Міхаіла: «У адзін з вечароў выламаў дзверы ў кватэру. Зайшоў. Узяў самае патрэбнае. Падушку, коўдру, пасцельную бялізну, стул, сякеру, малаток, каструлю і міксер. Затым паставіў дзверы на месца і прыкрыў іх, каб не было бачна, што ў кватэру нехта заходзіў».
Праўда, карыстацца скрадзеным мужчыну не прышлося: праз дзень-другі вярнулася гаспадыня і заявіла пра крадзеж у праваахоўныя органы. Была ўзбуджана крымінальная справа. Знайсці мужчыну цяжкасці не выклікала.
«На сённяшні дзень следства працягваецца, – расказвае Сняжана Андруковіч. – Мужчына поўнасцю прызнае сваю віну і супрацоўнічае са следствам. Санкцыі па дадзеным артыкуле прадугледжваюць да чатырох гадоў пазбаўлення волі».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №21 ад 17.03.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *