Валерий Кузнецов из Ярославской области приехал в Дворище поклониться праху своего деда-героя

Главное

З Рыбінска ў Шуміліна – на магілу дзеда

Доўгі час у сям’і Кузняцовых з г. Рыбінск Яраслаўскай вобласці Расійскай Федэрацыі захоўвалася пахаванка на дзеда – Канстанціна Мікалаевіча Кузняцова. Дзе ён дакладна загінуў у Беларусі, родныя не ведалі. Але нядаўна ўнук салдата Валерый Кузняцоў з дапамогай інтэрнэта высветліў, што дзядуля пахаваны ў вёсцы Дворышча Шумілінскага раёна.

Валерый Юр’евіч звязаўся са старшынёй Сіроцінскага сельвыканкама Аксанай Шынкевіч, дамовіўся аб прыездзе.
«Мой бацька Юрый Канстанцінавіч зусім мала расказваў пра дзядулю, – расказаў Валерый Кузняцоў. – Уся сям’я ведала, што ён служыў у 234-й Яраслаўскай стралковай дывізіі, быў сяржантам. Загінуў, як потым высветлілася, у в. Жаробычы 3 лютага 1944 года, калі яму быў 31 год. У нашай сям’і захоўваецца фотаздымак дзядулі, датаваны канцом 30-х гадоў».
Валерый Кузняцоў пакланіўся магіле дзядулі, усклаў кветкі. Пагаварыў з мясцовымі жыхарамі ў вёсцы Дворышча, бо хацелася як мага больш даведацца пра мясцовасць, дзе ваяваў дзядуля, пра тых людзей, якія тут жывуць.
В. Ю. Кузняцоў наведаў Слабадскую школу, падзякаваў настаўнікам і школьнікам за тое, што яны даглядаюць брацкую магілу. Вучні запрасілі госця ў школьны «Куток баявой славы Яраслаўскай 234-й Ламаносаўска-Пражскай ордэнаў Суворава і Багдана Хмяльніцкага стралковай дывізіі». Расійскі госць з цікавасцю даведаўся пра тое, што ў школе сабралі нямала каштоўных звестак пра савецкіх салдат, якія ваявалі ў Беларусі, пра аперацыю «Баграціён», пра жорсткія баі, якія ў лютым 1944-га года ішлі за вёскі Навасёлкі, Дворышча, Чысці, Слабада.
Валерый Кузняцоў – чалавек ваенны. Пасля звальнення ў 2002 г. з Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі палкоўнік запасу, былы воін-інтэрнацыяналіст, Валерый Кузняцоў узначаліў Яраслаўскую грамадскую арганізацыю ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане «Доблесць. Адвага. Гонар». Як былому афганцу і сённяшняму грамадскаму дзеячу, В. Ю. Кузняцову было цікава пабываць у Обальскім музеі камсамольскага падполля, Шумілінскім краязнаўчым музеі, сустрэцца з прадстаўнікамі раённай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», абмяняцца вопытам грамадскай работы.
Ад’язджаючы дадому ў Рыбінск, Валерый Кузняцоў абяцаў прыехаць на магілу дзядулі разам з унукам.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №23 ад 24.03.2020 г.

Аксана Шынкевіч і Валерый Кузняцоў ля помніка на брацкіх могілках у Дворышчы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *