А порядка в местах отдыха так и нет

Здоровье Общество

Срэбра вады, аксаміт берагоў і …
Нядаўна давялося наведаць месца адпачынку на возеры Мошна. Адпачываюць тут пераважна рыбакі. Нягледзячы на тое, што адказныя за “пляж” спрабуюць трымаць гэта месца ў парадку і яшчэ ў пачатку лета паставілі тут лаўку, стол, арэлі, туалет, а да прыходу “адпачываючых” былі пясочніца і стэнд з правіламі паводзінаў на вадзе, стала ясна, што гэты з забалочаным берагам аб’ект зусім не падпадае пад фармуліроўку “месца масавага адпачынку”. Наведваюцца сюды зрэдку асобныя “кліенты”, а вынікі іх гулянак – паламанае абсталяванне і смецце.
А вось возера Шумілінскае будавалася менавіта для “масавага адпачынку”. Але добраўпарадкаванне вадаёма жадае быць лепшым. Так, ёсць свабодны падыход да берагоў, ёсць раздзявалкі (хаця месцазнаходжанне адной з іх цяжка вызначыць сярод пустазелля), ёсць лаўкі, прычал, пясочніца і арэлі… Але, улічваючы, што асноўны кантынгент наведвальнікаў – падлеткі, хацелася б, каб тут былі абсталяваны месцы для гульняў, напрыклад, для валейболу, і каб месца для плавання было абмежавана паплаўкамі.
Дарэчы, пра бяспеку. Безумоўна, ні на адным вадаёме дзеці не павінны знаходзіцца без прыгляду дарослых. Але ў якія часы такое было? Бацькі на работу – дзятва купацца…
Напрыклад, у Амбросавічах падлеткі ідуць паплаваць “з масткоў”, нягледзячы на тое, што гэтае збудаванне даўно аварыйнае. А іншага падыходу да возера, акрамя як побач з тэрыторыяй аздараўленчага лагера, няма…
У Ляжнях дзеці знайшлі для купання “прыдатнае” месца на рацэ Сечна. Берагі тут чыстыя, нармальная глыбіня, а замест туалета і раздзявалак — кукурузны гушчар…
Па тэме адпачынку на вадзе на рэдакцыйны “гарачы тэлефон” звярнуліся і жыхары з аграгарадка Башні. Скардзіліся, што прыйшлі ў поўны заняпад пляжы за будынкам клуба і на тэрыторыі былой “лодачнай станцыі” у масіве яблыневага сада. Падыходы да вады зараслі, берагі такія, што ні прысесці, ні тым больш прылегчы пазагараць…
Відавочна, што прадпрыемствы, адказныя за арганізацыю адпачынку ля вады, не дапрацоўваюць. Але ж і кожнаму з нас варта памятаць, што нельга смеціць, мыць машыны, бялізну з парашкамі, ламаць, паліць пясочніцы і лаўкі… Чалавек, які паважае сябе і іншых, усё гэта ведае…

Автор Татьяна РОСТОВСКАЯ.
Опубликовано в №60 от 06.08.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *