Шумилинские спасатели предупреждают о безопасности при сжигании сухой растительности

Безопасность Общество

Ад маленькага кастра – вялікая бяда

Каб не дапусціць пажараў пры навядзенні парадку на прыдамавых тэрыторыях і з-за выпальвання сухой расліннасці, шумілінскія ратавальнікі праводзяць маніторынг пажаранебяспечных участкаў на тэрыторыі раёна і прафілактычную работу з жыхарамі сельскіх населеных пунктаў. Чарговы такі рэйд прайшоў у мінулыя выхадныя па населеных пунктах вёсак Лоўша і Пабеда Лаўжанскага сельсавета, в. Мікалаева Мікалаеўскага сельсавета, в. Грышаны Сіроцінскага сельсавета.

Інспектар РАНС праводзіць прафілактычную гутарку з жыхаркай в. Грышаны.

Многія пры навядзенні парадку на прысядзібных участках прыбягаюць да самага простага спосабу пазбаўлення ад смецця – спальваюць яго. А ці можна гэта рабіць? Можна, адказвалі падчас рэйду ратавальнікі, але пры абавязковым выкананні правілаў бяспекі. Па-першае, рабіць гэта трэба ў бязветранае надвор’е і пад пастаянным наглядам. Кастры лепш разводзіць далей ад будынкаў, лесу ці сціртаў саломы. Калі нічога з пералічанага паблізу няма і гаспадар гатовы сачыць за агнём, а пад рукой ёсць вогнетушыцель ці вядро з вадой, значыць ўсё робіцца правільна.
Касцёр павінен быць не бліжэй 10 метраў ад пабудоў, 20 м – ад лесу і 30 м – ад саломы. Мангал ці грыль устанаўліваюць як мінімум на адлегласці 4 метры ад дома.
!За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры развядзенні кастроў у нашым раёне да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 4 чалавекі – жыхары населеных пунктаў Каравайніца Светласельскага сельсавета, Надзежына Мікалаеўскага сельсавета, Грышаны Сіроцінскага сельсавета і г. п. Обаль. “Так, сапраўды, за парушэнне заканадаўства аб пажарнай бяспецы прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, – падкрэсліў інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях Вадзім Півавараў. – Артыкул 23.56 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях “гарантуе” парушальніку папярэджанне ці штраф да 30 базавых велічынь фізічнай асобе, да 200 БВ – юрыдычнай асобе. Ёсць у кодэксе артыкул 15.58, які прадугледжвае адказнасць за развядзенне кастроў у забароненых месцах і вядзе да папярэджання ці штрафу ў памеры да 12 базавых велічынь”.
Падчас рэйдаў ратавальнікі нагадалі мясцовым жыхарам пра адказнасць за выпальванне сухой расліннасці, іржышча і пажніўных рэшткаў, развядзенне кастроў у забароненых месцах, выкананне правілаў пажарнай бяспекі, якія трэба выконваць пры навядзенні парадку на прысядзібных участках, расказалі, як дзейнічаць у выпадку ўзнікнення пажару.
Ад маленькага кастра можа быць вялікая бяда. Пра гэта трэба помніць.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №26 ад 03.04.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *