“Жанчына Шуміліншчыны”

Общество

А. В. Дарожкіна

Пачуццё адказнасці – у крыві…
Будаўнік — прафесія адна з самых гуманных на зямлі, а значыць, яна не звядзецца ніколі. Заўсёды будуць патрэбны муляры і  кранаўшчыкі, маляры і тынкоўшчыкі… А менавіта з тынкоўшчыцай 5 разраду Антанінай Віктараўнай Дарожкінай і звёў выпадак пагаварыць.
Выпадак адметны: А. В. Дарожкіна перамагла ў конкурсе за званне “Жанчына Шуміліншчыны” у намінацыі “Жанчына ў сферы архітэктуры, будаўніцтва, дарожнай гаспадаркі”.
Антаніна Віктараўна — будаўнік ад Бога, у яе характары ёсць усё, каб быць сапраўдным будаўніком, ёсць пачуццё адказнасці. За гэта і цэняць. Здавалі кааператыўны дом у Обалі, той-сёй агітуе, каб сарвацца раней дамоў, а яна дамагаецца, каб закончыць, няхай і з цёмным. Абяцаў — зрабі. Такі вось жыццёвы прынцып ў яе, брыгадзіра тынкоўшчыкаў ПМК-70. Брыгадзірам яна ўсяго чатыры гады, а пачынала ў брыгадзе Валерыя Чарвянкова ў былой ПМК-120.
Сёння за плячыма ў А. В. Дарожкінай 30 гадоў працы на будаўнічых пляцоўках. Уяўляеш тынкоўшчыка з лапаткай і рэйкамі ў пакоях, дзе гуляюць скразнякі, і робіцца няўтульна на душы. А Антаніна Віктараўна ўраз перакрэслівае маю думку, кажа: “А лепшай работы, чым на будоўлі, няма”. І ў адказ на пытанне, ці не пакутуе яна на радыкуліты, смяецца: “Не ведаю, што гэта за хвароба”.
Наогул А. В. Дарожкіна ідзе па жыцці смела, калі хочаце, у “званні” эмансіпіраванай жанчыны. Яна з дзяцінства палюбіла матацыкл, сама барціравала шыны, вазілася з рамонтам. Зараз у яе трэцяе па ліку аўто. Водзіць машыну ўмела, з розумам.
А яшчэ — Антаніна Віктараўна прыахвоцілася да рыбалкі. Муж прыахвоціў, ён у гэтым рамястве — за галоўнага. Разам вудзяць. Едуць на Ушаччыну, яшчэ некуды: і адпачнуць за выхадны, і рыбы наловяць.
У А. В. Дарожкінай што ні год, то водпуск зімою. Летам нагрузка на тынкоўшчыка касмічная. Так што часу з будаўніком у нас на размовы хапае. Яна з горыччу дзеліцца, што маладыя хлопцы, якіх вучыла майстэрству, сарваліся з ПМК-70, паляцелі за доўгім рублём. Яны і тут няблага атрымлівалі, але моладзі, напэўна, трэба многа грошай і адразу…
А. В. Дарожкіна жыла заўсёды з мазаля і не шукала шчасця за тры-дзевяць зямель. Напэўна, час быў іншы і выхаванне было не тое. І, мабыць, віною яшчэ шчымлівае пачуццё радзімага кутка…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №21 ад 13.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *